Што і як мяняецца для аўтамабілістаў паводле новага Адміністрацыйнага кодэкса

Што і як мяняецца для аўтамабілістаў паводле новага Адміністрацыйнага кодэкса

Забіраць правы за перавышэнне хуткасці не будуць, а за забытыя дакументы больш не пакараюць. У Палату прадстаўнікоў паступіў праект змен у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Вялікая частка з іх закране аўтааматараў. Да прыкладу, артыкул 18.18 КаАП, па якім штрафавалі кіроўцаў, якія забылі дома дакументы, знікне. Але найбольш сур’ёзныя змены тычацца артыкула 18.13 — “Перавышэнне хуткасці руху”. Цяпер, нават калі вас будуць лавіць штодня з перавышэннем дазволенай хуткасці на 100 кіламетраў за гадзіну, пазбавіць вас права кіраваць аўтамабілям ніхто не здолее.

“Фактычна, гэтае палажэнне часткова ўжо існуе, — каментуе змены эксперт Цэнтра контраварыйнай падрыхтоўкі Зміцер Перлін. — Цяпер прадугледжанае пазбаўленне правоў у выпадку паўторнага перавышэння хуткасці больш, чым на 20 км за гадзіну. Але ў той жа момант, калі гэта фіксуецца не інспектарам, а сістэмай аўтаматычнай фіксацыі, то паўторнасці нібы і няма. Таму такім чынам палажэнне, якое існуе дэ факта, проста зафіксуюць дэ юрэ ва ўсіх выпадках — нягледзячы на тое, зарэгіструе парушэнне аўтаматыка, ці супрацоўнік ДАІ”.

Іншыя пакаранні па гэтым артыкуле засталіся амаль без зменаў. За перавышэнне хуткасці на 10-20 км/г. — папярэджанне ці штраф да 1 базавай велічыні, 20-30 км/г — штраф 1—3 б.в., 30-40 км/г. — 3—10 б.в., перавышэнне больш чым на 40 км/г, а таксама паўторныя перавышэнні больш чым на 20 км/г караюцца штрафам ад 7 да 15 б.в.

Згодна з прапанаванымі зменамі, прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання падчас кіравання аўтамабілем будзе карацца толькі ў выпадку, калі пацярпелы запатрабуе прыцягнуць вінаватага да адказнасці (1 частка артыкула 18.17). Такая ж сітуацыя і з іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху, калі яны нанеслі лёгкае цялеснае пашкоджанне ці пашкоджанне транспартнага сродку (частка 4 артыкул 18.23).

Апроч іншага, прапануецца прыраўняць кіраванне без такога права да стварэння аварыйнай абстаноўкі на дарозе (змены ў частцы 10 артыкула 18.14).

Калі змены ў Адміністрацыйны кодэкс будуць прынятыя, то правапарушэннем не будзе лічыцца ДТЗ, у якім нанесеная аўтамабілю шкода не перавышае 400 еўра. Па законе, у такім выпадку неабходныя дакументы для страхавой кампаніі можна афармляць без супрацоўнікаў ДАІ.

Што і як мяняецца для аўтамабілістаў паводле новага Адміністрацыйнага кодэкса

“У гэтым выпадку вінаваты ў ДТЗ проста не будзе плаціць за парушэнне правілаў дарожнага руху, — каментуе Зміцер Перлін. — Але супрацоўнікаў ДАІ будуць усё роўна выклікаць. Бо паспрабуй на месцы дамовіцца, больш за 400 еўра, ці менш! Але з іншага боку, у іншых краінах Еўропы, напрыклад, калі ДТЗ без пацярпелых і пашкоджання дарожнай маёмасці, то паліцыя яго афармленнем не займаецца. Проста выклікаюць страхавых камісараў, і ўсё!”

На думку эксперта, усе агучаныя новаўвядзенні вельмі добра паўплываюць на імідж супрацоўнікаў міліцыі, чаго і спрабуе дасягнуць улада.

"Галоўнае, — дадае Зміцер Перлін. — Каб не выключылі адміністрацыйную адказнасць за перавышэнне хуткасці ад 10 да 20 км/г, бо гэта дакладна прывядзе да руху па горадзе ў 80 км\г, а адпаведна, і да павелічэння агульнай колькасці ДТЗ ды смерцяў у іх".

Ідэя зрабіць адміністрацыйнае заканадаўства больш мяккім узнікла па выніках 2015 года, калі было складзена вельмі шмат адміністрацыйных пратаколаў, большасць з якіх па дробных правапарушэннях. Лібералізацыю КаАП ініцыявала Міністэрства ўнутраных спраў і было падтрыманае кіраўніком краіны. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі