Што за зброю паказалі на БТ? Дэтальны аналіз эксперта

Што за зброю паказалі на БТ? Дэтальны аналіз эксперта

22 сакавіка на беларускіх тэлеканалах паказалі сюжэты, дзе паспрабавалі патлумачыць прычыны масавых затрыманняў у Беларусі. Паведамлялася, што па ўсёй краіне прайшло каля двух дзясяткаў ператрусаў. Адзіны затрыманы, каго паказалі падчас ператрусу ў кватэры, — нейкі Віктар Данілаў. У яго дома знайшлі цэлы арсенал: гранаты, запалы, сапёрныя рыдлёўкі, драбавікі і нават аўтамат Калашнікава. Еўрарадыё папрасіла эксперта па зброі і паляўнічага са стажам, які пажадаў застацца інкогніта, распавесці падрабязней пра “арсенал”, які паказалі тэлевізіёншчыкі.

“Там ляжаць стальныя шлемы ўзору 1968 года СШ-68, якія ўжо не выкарыстоўваюцца ў войску, але іх да халеры ляжыць на складах. Злева ў шэрагу зброі ляжыць асобны ствол ад нейкай помпавай стрэльбы. Але яго немагчыма ідэнтыфікаваць. Далей мы бачым… называюць гэта карабінам, але карабін, гэта заўсёды наразная зброя, а гэта гладкаствольны карабін. Маркетынгавая назва “Іжэўскі аружэйнік”. Зробленая на базе аўтамата Калашнікава “Сайга” 410 калібру. Гэта самы маленькі калібр, які выкарыстоўваецца ў гладкастволе. Ужываюць такі карабін для палявання на дробных жывёл і птушак. А таксама для практычнай стральбы. Знешне ён, канешне, такі агрэсіўны, знешне ён круты. Яго любяць набываць тыя, хто любіць пастраляць па банках ці па мішэнях. То бок гэта не паляўнічая зброя. Яго легальна можна набыць у краме, калі ёсць дазвол.

Далей мы бачым дзве помпавыя стрэльбы. Ідэнтыфікаваць іх немагчыма, бо іх вельмі шмат, але, хутчэй за ўсё, нейкія турэцкія. Розныя мадэлі. Верагодна, што ствол, які асобна ляжыць злева, запасны ствол ад зялёнага пампавіка, у іх такое бывае. Гэта зброя, якую можна абсалютна легальна набыць, калі ты выконваеш усе нормы захоўвання, калі ты грамадзянін без праблем з пункту гледжання крыміналу і медыцыны. Дастаткова толькі атрымаць дазвол у міліцыі. Іх выкарыстоўваюць для палявання. Акрамя таго, іх выкарыстоўвае паліцыя заходніх краін, і наша міліцыя таксама. Могуць страляць рознымі боепрыпасамі. У тым ліку, дробам на паляванні і гумовымі кулямі падчас радасных народных гулянняў.

Ну і самая правая зброя, якая вельмі падобная на аўтамат Калашнікава. Не магу ні да чаго тут дачапіцца, бо канструктыўна гэта сапраўды аўтамат Калашнікава. Але гэты тоўсты ствол мяне вельмі бянтэжыць. Я такіх ніколі не бачыў. Я ніколі не займаўся страйкболам, таму не магу дакладна сказаць, ці страйкбольны гэта аўтамат. Магу толькі сказаць, што гэта вельмі дзіўны аўтамат Калашнікава, не падобны на баявы. А вось усё астатняе — дакладна зброя для палявання і практычнай стральбы.

Па боепрыпасе. Нейкія мадэлі гранат. Тыя, што беленькія і чорныя — адназначна макеты. Колер з’яўляецца адметнай рысай макета. Я гэта памятаю яшчэ з урокаў ПВП і вучобы ў ваенным вучылішчы. Калі не зелёны, то 100% макет. Побач ляжаць гранатныя запалы і незразумелыя жалезкі. Пра запалы сказаць нічога не магу. Ды і пра гранаты таксама казаць вось так складана, бо трэба хаця б зазірнуць унутр.

О! Бачу класныя патроны. Калібр 5.45, мне падаецца. Бачу на іх такія жалабкі. Калі я вучыўся ў 10 класе, а ў школе ў мяне профільны прадмет быў Пачатковая ваенная падрыхтоўка, то нам такія патроны давалі, каб мы на хуткасць набівалі аўтаматныя магазіны. То бок гэта адназначна не баявыя патроны. Дзе яны такі рарытэт знайшлі, я не ведаю. Мала таго, што ў іх ёсць гэтыя жалабкі, дык яны яшчэ і сцёртыя да металу пастаяннай разрадкай і зарадкай, фарба засталася толькі ў саміх жалабках. Гэтыя жалабкі зробленыя для адрознення баявога патрона ад вучэбнага. То бок гэта нават не халасты патрон, халасты можа хаця б бахнуць, а гэты не можа нічога.

Далей я бачу тры… ці патроны, ці гільзы для гладкаствольнай стрэльбы. Не магу вызначыць, бо трэба зазірнуць хаця б у іх тарэц. А таксама я бачу пачкі з-пад патронаў для глаткаствольнай зброі, якія ёсць у вольным доступе, як мінімум у пяці, а можа, і сямі крамах у Мінску”.

Пакуль рыхтаваўся гэты матэрыял, “Радыё свабода” ўзяло інтэрв’ю ў нявесты Віктара Данілава, Юліі. Дзяўчына паведаміла, што Віктар меў дазвол на захоўванне паляўнічай зброі і паказваў ёй адпаведныя паперы, захоўваў зброю хлопец у адпаведным сейфе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі