Шведскі ўласнік кампаніі "Сінэва" сыходзіць з Беларусі
Лабараторыя "Synevo" / yandex.com
Шведскі ўласнік беларускай кампаніі "Сінэва " — холдынг Medicover — прадае сваю долю. Пра гэта піша Оffice life са спасылкай на справаздачу кампаніі за III квартал. Акрамя долі ў "Сінэва" Medicover мае намер пазбавіцца і ад актываў кампаніі "Нерухомасць Усходу". Свае актывы ў Беларусі шведы ацэньваюць у €14,5 млн. Выручка ад працы ў рэспубліцы летась склала €21,7 млн, за дзевяць месяцаў гэтага года — €15,3 млн.
"Сінэва" і "Нерухомасць Усходу" не ўваходзяць у спіс кампаній, для якіх увялі забарону на адчужэнне долей замежнымі ўласнікамі. Таму здзелка падлягае "звычайнаму адабрэнню рэгулявальных органаў", кажуць у кампаніі.
Нагадаем, "Сінэва" на дадзены момант з'яўляецца адной з найбуйнейшых дыягнастычных сетак Беларусі. Першы дыягнастычны цэнтр адкрыўся ў Мінску 13 гадоў таму. А зараз лабараторыі і пункты здачы аналізаў ёсць у 25 гарадах краіны. У кампаніі працуюць больш за 500 супрацоўнікаў.
Холдынг Medicover валодае брэндам Synevo. Яму належаць медцэнтры і лабараторыі ў Польшчы, Германіі, Румыніі, Украіне, Грузіі, Малдове, Сербіі і Балгарыі. Оffice life нагадвае, што заснавальнікам Medicover з'яўляецца Ёнас аф Ёкнік, стваральнік Oriflame. Цяпер Medicover кантралююць яго нашчадкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.