Шыдлоўская: Не раю “патрыётам” гуляцца з КДБ і падпісвацца на супрацоўніцтва

Шыдлоўская: Не раю “патрыётам” гуляцца з КДБ і падпісвацца на супрацоўніцтва

Да гэтага часу за кратамі застаюцца 16 чалавек, арыштаваных па так званай “справе патрыётаў”. І для часткі з іх, па інфармацыі адвакатаў, працягнулі тэрмін следства. І, адпаведна, тэрмін знаходжання пад вартай. Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё заявіла грамадскі прадстаўнік сем’яў затрыманых Ніна Шыдлоўская.

Шыдлоўская: “Сёння ўжо ідзе інфармацыя, што па некаторых арыштаваных прымаецца рашэнне, і, адпаведна, гэта даводзіцца да ведама асобы, адносна якой прынятае рашэнне аб працягу тэрміна следства. Я дакладна ведаю пра двух чалавек, але пакуль не буду называць імёны. І тэрміны там таксама розныя: ад 2 да 4 месяцаў. Відавочна, што гэты працэс прыняцця рашэння аб працягу тэрміну следства будзе ў найбліжэйшыя дні прымяняцца да астатніх затрыманых”.

Цалкам размову з Нінай Шыдлоўскай можна паслухаць тут:

Так, на 4 месяцы працягнутае следства ў дачыненні да затрыманага Аляксея Дундукова. Гэта, а таксама іншыя парушэнні правоў затрыманых і відавочная палітычная скіраванасць справы даюць падставы прызнаць фігурантаў “справы патрыётаў” палітвязнямі, лічыць Шыдлоўская.

Таксама грамадскі прадстаўнік сем’яў затрыманых не выключае, што ў дачыненні да некаторых арыштаваных сапраўды прымяняюцца фізічная сіла і псіхатропныя рэчывы. Гэта, кажа Шыдлоўская, вынікае з назірання адвакатаў за паводзінамі хлопцаў і зместу іх лістоў на волю.

Тым не менш Шыдлоўская не раіць арыштаваным падпісваць пагадненне аб супрацоўніцтве з КДБ, каб выйсці на волю.

Шыдлоўская: “Гэта тыя гульні, якія ты ніколі ў жыцці не перагуляеш. І падпісаўшы, ты ставіш не толькі на сваім сумленні, але і на далейшых дзеяннях вялікі крыж. І тут — толькі эміграцыя ў далейшым”.

Асаблівую ўвагу Ніна Шыдлоўская звяртае на цяжкі маральны і фінансавы стан сем’яў затрыманых. Кажа, дапамога ім прыходзіць, але яе недастаткова. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі