Сіноптыкі: У Беларусі пацяплее пасля Дня Незалежнасці
У бліжэйшую ноч на захадзе нашай краіны чакаюцца дажджы, а ўдзень у аўторак — месцамі моцныя дажджы, навальніцы.
Уначы 1 ліпеня прагназуецца 12-18 градусаў цяпла, а ўдзень — ад 17-19 на захадзе краіны да 27-29 градусаў на ўсходзе. У сераду, 2 ліпеня, атмасферны фронт з Заходняй Еўропы пачне сыходзіць з Беларусі, дажджы будуць толькі месцамі. Начная тэмпература паветра — 8-15 градусаў, дзённая — 17-24 цяпла.
3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, чакаецца прыход вільготнага паветра з паўднёвай Балтыкі. У начныя гадзіны будзе 7-12 цяпла, у дзённыя — 17-23 градусы. Пройдуць невялікія дажджы і толькі месцамі.
4 ліпеня дажджоў стане яшчэ менш. Тэмпература паветра істотна не зменіцца: 7-12 — уначы, а ўдзень — ад 18 на поўначы да 25 на поўдні.
А далей — пацяпленне. Вось што паведамілі Еўрарадыё ў Рэспубліканскім гідраметэацэнтры:
"І абнадзейваючая навіна. З прыходам суботы-нядзелі паўночна-заходні вецер зменіцца паўднёвым і пацяплее. Уначы чакаецца 10-15, максімальная ўдзень — 23-28. І ў многіх раёнах без ападкаў".
Тэмпература паветра ў выхадныя перавысіць кліматычную норму для пачатку ліпеня на 2-5 градусаў.