Сіноптыкі: Залевы і спёка ўжо сышлі
На тэрыторыі Беларусі бліжэйшымі днямі ўсталюецца камфортнае надвор’е.
Як паведамілі Еўрарадыё ў Рэспубліканскім гідраметэацэнтры, такіх залеваў, як у аўторак і сёння, бліжэйшым часам больш не чакаецца. Усталюецца камфортная тэмпература, характэрная для жніўня. Пра гэта паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук.
Парашчук: “Заліваць нас не будзе. Чаму такія залевы? Бо спякотнае трапічнае паветра не хацела саступаць больш халоднаму акеанічнаму. Таму на стыку гэтых паветраных мас адбывалася фармаванне навальнічных аблокаў. У далейшым трапічнае паветра пакіне тэрыторыю Беларусі".
Дарэчы, таксама сыдзе і спёка, якая даймала беларусаў цягам апошніх тыдняў.
Фота — meditation-portal.com