СК завёў крымінальную справу на ўдзельнікаў святкавання "Дня Волі" за мяжой

Гарады, дзе сёлета прайшлі мерапрыемствы з нагоды Дня Волі

Гарады, дзе сёлета прайшлі мерапрыемствы з нагоды Дня Волі / bnr106.info

Следчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу супраць удзельнікаў святкавання "Дня Волі". Гаворка пра мерапрыемствы, якія сёлета прайшлі за мяжой. Справа заведзеная паводле двух артыкулаў КК: стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім (арт.361-1) і Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1).

Па версіі следства, прадстаўнікі дыяспар сваімі святочнымі дзеяннямі спрабавалі "рэалізаваць нейкі злачынны план" і мелі "намер нанясення шкоды стратэгічным нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь". Святочныя мерапрыемствы, якія ў СК назвалі "сходкамі прадстаўнікоў радыкалаў", на думку следчых, былі накіраваныя "на дыскрэдытацыю краіны". Акрамя таго, сустрэчы і канцэрты "суправаджаліся выкарыстаннем нацыяналістычнай сімволікі, абразлівымі лозунгамі, якія распальваюць сацыяльную варожасць сярод беларусаў, заклікамі да эканамічнага і палітычнага ціску на нашу краіну".

У СК кажуць, што ў іх ёсць "дадзеныя больш за сотню асоб, якія прымалі непасрэдны ўдзел у вулічных акцыях" у Варшаве, Вільні, Вроцлаве, Беластоку, Брусэлі, Батумі, Празе, Каліфорніі, Філадэльфіі. Удзельнікі святочных мерапрыемстваў сталі падазраванымі па гэтай крымінальнай справе. СК пагражае ім канфіскацыяй маёмасці.

"Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні, у тым ліку агляды, ператрусы, накладанне арышту на маёмасць і іншыя працэсуальныя мерапрыемствы", — заявіў афіцыйны прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч.

Нагадаем, 100-годдзе БНР у 2018 годзе беларускія ўлады дазволілі адзначыць у цэнтры Менска ля Опернага тэатра. У той год Дзень Волі ў цэнтры горада святкавалі каля 20 тысяч чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі