Складана, ды можна. Як і дзе беларусу атрымаць візу ў Еўропу
Запрашэнне ніколі не перашкодзіць падчас падачы на шэнген / polskaya-visa.by
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне беларусам стала складаней заязджаць у Шэнгенскую зону. Некаторыя краіны зусім перасталі выдаваць беларусам турыстычныя візы, аднак магчымасці падарожнічаць і наведваць сваякоў, якія не могуць вярнуцца дадому, яшчэ ёсць.
Турыстычныя і гасцявыя візы звычайна даюць Германія, Францыя, Славакія, Венгрыя, Італія, Іспанія і Харватыя. Але як падступіцца да збору дакументаў, куды звярнуцца па візу і колькі чакаць?
Візу можна рабіць з дапамогай пасярэднікаў. Каштаваць гэта будзе сотні рублёў, а часам "вырашыць пытанне" беларусам прапануюць і за некалькі тысяч. Аднак гэта яшчэ не значыць, што вы хутка атрымаеце візу. Калі ёсць час, а грошы хацелася б зберагчы, мы раскажам, як зрабіць візу самастойна.
Куды б вы ні вырашылі аднесці свае дакументы, заўсёды будзе плюсам запрашэнне. Асабліва калі яно ад сваякоў, якія з'яўляюцца грамадзянамі або бежанцамі ў абранай краіне. Шанцы на атрыманне шэнгена павялічваюцца, калі ў вас ужо былі візы. Чытачы Еўрарадыё адзначаюць, што часам працуюць лісты консулу. Напрыклад, у выпадку, калі бацька спрабуе прыехаць да дзіцяці, што вучыцца ў Еўропе.
Такім чынам, дзе ў беларусаў ёсць шанцы на візы?
Германія
Працягвае выдаваць візы пасольства Германіі ў Мінску. Таксама туды можна падаць дакументы, калі асноўная краіна вашага знаходжання — Аўстрыя, Бельгія, Люксембург, Нідэрланды і Славенія.
Каб падаць дакументы, трэба знайсці на сайце пасольства сістэму запісу на прыём і выбраць там патрэбную візу. Ёсць шэнген, а ёсць нацыянальная, якая дазволіць знаходзіцца ў Германіі больш за 90 дзён у паўгоддзе. У другім выпадку мусіць быць падстава, напрыклад, навучанне ці праца. Далей трэба запоўніць анкету і чакаць даты запісу.
— Паведамленне пра дату і час вашага запісу вы атрымаеце ў асобным электронным лісце. З прычыны высокага попыту часавы інтэрвал да атрымання даты запісу прадказаць немагчыма, — папярэджвае пасольства.
Таксама пасольства падрабязна апісвае, якія дакументы трэба сабраць для падачы.
Францыя
Шэнгенскія візы выдае Францыя. Запісацца на падачу дакументаў можна тут. Аднак, каб "злавіць" месца, давядзецца пастарацца:
Таксама пасольства Францыі ў Беларусі ўпаўнаважанае выдаваць кароткатэрміновыя візы ў Ісландыю, калі вы сабраліся туды ў прыватную, турыстычную або дзелавую паездку.
Спіс патрэбных дакументаў для пасольства Францыі — тут.
Грэцыя
Грэцкую візу можна зрабіць у візавым цэнтры гэтай краіны ў Мінску. Трэба зарэгістравацца на сайце цэнтра і запісацца на прыём, выбраўшы патрэбны тып візы ў асабістым кабінеце. Напрыклад, мы знайшлі акенцы на канец жніўня на турыстычную візу:
Тут можна паглядзець, якія дакументы трэба сабраць у залежнасці ад мэтаў паездкі і тыпу візы.
Візавы цэнтр папярэджвае пра загружанасць і просіць падаваць дакументы хаця б за 15 дзён да паездкі, але лепш яшчэ раней.
Італія
Каб запісацца на падачу дакументаў на італьянскі шэнген, трэба зарэгістравацца ў сістэме анлайн-браніравання. Даступных дат на нацыянальную візу даволі шмат, а вось запісацца на шэнген на момант публікацыі тэксту ў нас не атрымалася — "каляндар браніравання яшчэ не даступны", паведамляе сістэма. Занадта шмат заявак і прыём новых прыпынены.
Ёсць варыянт прыйсці ў візавы цэнтр Італіі ў Беларусі і запісацца ў "жывую чаргу", аднак прачакаць там можна і больш за паўгода.
Анкета для візы і пералік патрэбных дакументаў — тут.
Іспанія
Падацца, у тым ліку на турыстычную візу, можна ў візавым цэнтры Іспаніі ў Мінску. Ён зноў запрацаваў у чэрвені. Тут вядзецца запіс на падачу дакументаў. Таксама на сайце цэнтра ёсць неабходны пакет дакументаў і візавая анкета.
У папярэднім запісе прапануюцца даты на тыдзень наперад, аднак усе слоты былі занятыя. Іх трэба актыўна маніторыць.
Польшча, Літва, Латвія
Польшча, Літва і Латвія перасталі выдаваць беларусам турыстычныя візы. Аднак у Польшчу, напрыклад, усё яшчэ можна зрабіць працоўную, гуманітарную візу. Таксама Польшча стала прыцягваць беларускі бізнес да сябе і дае візы Poland Business Harbour. Калі ў вас ёсць сваякі ў Польшчы з грамадзянствам ці статусам бежанца, то з запрашэннем вам усё ж могуць зрабіць гасцявы шэнген.
Значыць, трэба паспрабаваць пазней. Чытачы Еўрарадыё адзначаюць, што пасля таго, як пры падачы заявы на візу спатрэбілася праходзіць верыфікацыю праз МСІ, знайсці свабодны слот стала прасцей. Калі рэгулярна правяраць іх наяўнасць, то за тыдзень-два атрымаецца злавіць вольнае месца.
Літва і Латвія практычна перасталі выдаваць візы беларусам. Выключэнне — для членаў сям'і грамадзян гэтых краін або іншых краін ЕС. Але трэба будзе запрашэнне і пацверджанне сваяцтва.
Венгрыя, Швейцарыя і Ліхтэнштэйн
Венгерскае пасольства таксама прымае дакументы на візы Швейцарыі і Ліхтэнштэйна. З чэрвеня 2023 года ёсць абмежаванне: прыпынены прыём заяваў на атрыманне турыстычных віз з мэтай "наведвання сяброў". Выключэнне — наведванне блізкіх сваякоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.