Следчыя не пачалі справу за гвалт і ўжыванне спецсродкаў на маршы 8 лістапада

Следчыя не пачалі справу за гвалт і ўжыванне спецсродкаў на маршы 8 лістапада

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі атрымаў адказ ад Следчага камітэта на сваю заяву. Праваабаронцы прасілі пачаць крымінальную справу па фактах гвалту і ўжывання спецсродкаў 8 лістапада на акцыі "Марш народаўладдзя". Адказ, які падпісаў часовыа выканаўцаў абавязкаў начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску Віталь Бялкоўскі, быў адмоўным, паведамляе грамадскае аб'яднанне "Прававая ініцыятыва". 

Па словах Бялкоўскага, у звароце праваабаронцаў няма звестак пра канкрэтных асобаў, супраць якіх славікі ўжывалі сілу і спецсродкі, а таксама не пазначаныя канкрэтныя месца і час здарэнняў. "Па сутнасці зварот носіць абстрактны характар, у сувязі з чым падстаў для правядзення Следчым камітэтам праверак і прыняцця рашэнняў у парадку, вызначаным Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, па дадзеным звароце не маецца", — канстатуе следчы.

У "Прававой ініцыятыве" адзначаюць, што ў заяве былі спасылкі на 13 канкрэтных відэа ў СМІ і тэлеграм-каналах, якія сведчаць пра выкарыстанне спецсродкаў з парушэннем заканадаўства.

Пазіцыю Следчага камітэта праваабаронцы тлумачаць "палітычным нежаданнем расследаваць парушэнне закона". Па іх словах, выявіць месца здарэння і пацярпелых не вельмі складана, "бо высвятляюць жа следчыя органы асобы дэманстрантаў, каб узяць іх пад варту".

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі заклікае сведак і пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў звяртацца для дакументавання і далейшага аналізу таго, што адбываецца падчас пратэстаў.

Нядзельны марш 8 лістапада быў не такі, як папярэднія. Яго ўдзельнікі здолелі сабрацца ў калону ў некалькі тысяч толькі на кароткі час. Пераважна ж у розных раёнах збіраліся адносна невялікія групы, на якія палявалі сілавікі. 

Затрыманні працягваліся амаль да ночы. Затрыманыя былі больш за тысячу чалавек. У РУУСах людзей па некалькі гадзін трымалі з паднятымі рукамі на вуліцы каля сцяны, ёсць сведчанні, што на затрыманых распылялі газ нават у аўтазаках, іх білі і прыніжалі.

Следчыя не пачалі справу за гвалт і ўжыванне спецсродкаў на маршы 8 лістапада
Адказ са Следчага камітэта / legin.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі