Смерць у Бабровічах. Новыя падрабязнасці забойства міліцыянта

Смерць у Бабровічах. Новыя падрабязнасці забойства міліцыянта

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці інцыдэнту ў вёскі Бабровічы Івацэвіцкага раёна, які адбыўся 17 жніўня. З-за канфлікту загінуў супрацоўнік міліцыі і яшчэ адзін быў паранены. Стралком апынуўся 57 гадовы мясцовы жыхар Сяргей Ддзячок.

Мясцовыя жыхары кажуць, што паміж стралком і забітым участковым за некалькі дзён да гэтага адбыўся асабісты канфлікт з-за незаконнай рыбалкі на возеры. Пра гэта паведаміў пляменнік стралка Сямён Ддзячок:

"Сяргей да стральбы паспеў расказаць суседцы сваёй, што бачыў, як гэты ўчастковы з нейкім сваім сваяком ставіў сеткі на возеры. Сярод белага дня. Сяргей глядзеў у бінокль за імі. І калі гэты участковы выйшаў на бераг, то дзядзька да іх падышоў і спытаў: “Ну што, як парыбачылі? Я вас зняў!”. Пачалася сварка, участковы яму сказаў, што праз тры дні забярэ дзядзьку ў псіхушку. Магчыма ён гэта засняў. Вось толькі незразумела, на тэлефон або на фотаапарат”.

Пакуль не ясна, на што канкрэтна засняў Сяргей. Па словах яго пляменніка, у дзядзькі быў фотаапарат, з якасным зумам. Дарэчы, тэлефоны былі канфіскаваныя следствам. Фотаапарат пакінулі, толькі карту памяці забралі.

У Следчым камітэце ведаюць пра версію з асабістым канфліктам, пра гэта запэўнівае Еўрарадыё прадстаўнік Следчага камітэту Дзмітрый Іванюк:

"Следства ў курсе, што мясцовыя кажуць пра канфлікт з рыбалкай на возеры. Але гэта будзе ўсталёўвацца ў ходзе расследавання. Таксама было канфіскавана некалькі тэлефонаў. Яны будуць аглядацца, могуць быць прызначаныя экспертызы".

Зноў жа, па словах мясцовых жыхароў, Сяргей пастаянна пісаў скаргі на мясцовых міліцыянтаў, у тым ліку на загінулага ўчастковага. Скардзіўся на браканьерства на возеры і беззаконне з боку міліцыі. У Івацэвіцкім УУС адмовіліся казаць, ці былі такія скаргі.

Смерць у Бабровічах. Новыя падрабязнасці забойства міліцыянта
Фота: sk.gov.by

Знаёмыя характарызуюць Сяргея Ддзячка, як чалавека са складаным характарам, няпростага. Ён быў нелюдзімы, ні з кім асабліва не кантактаваў. Адзіночка. Быў жанаты, але са шлюбам не зраслося.

Мясцовыя жыхары кажуць, што хоць Сяргей нідзе не працаваў, ён не апусціўся. Дом і ўчастак трымаў у парадку. Зусім не піў. Нейкі час ён прыглядаў за маці, аформіў за ёй дагляд. На пенсію маці і грошы, што выдаваліся за дагляд, яны і жылі. Потым маці забрала сястра, па словах пляменніка Сямёна, той спатрэбіліся ўколы, а Сяргей не ўмеў іх рабіць. Апошнія некалькі гадоў зарабляў тым, што збіраў ягады і прадаваў іх.

Як даведалася Еўрарадыё, у вёску Бабровічы да стралка Сяргея Ддзячка прыехалі тры міліцыянты, хоць усюды згадваюцца толькі двое:

"У чалавека была стрэльба, яна была зарэгістраваная. Вось яны прыехалі правяраць, як яна захоўваецца. Гэта робіцца перыядычна. Прыехалі два ўчастковыя і міліцыянер, які вядзе кантроль за захоўваннем агнястрэльнай зброі", — распавядае прадстаўнік упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Дучэнка.

Участковыя былі не мясцовыя. Свайго ўчастковага ў гэтага раёне няма, таму гэтая тэрыторыя была аддадзеная іншаму супрацоўніку міліцыі, які курыруе сумежны раён. Ім апынуўся Ігар Лукашэвіч, які загінуў.

Смерць у Бабровічах. Новыя падрабязнасці забойства міліцыянта
Фота: svaboda.org

Супрацоўнікі міліцыі, як кажуць прадстаўнікі мясцовага УУС, прыехалі нібыта з планавай праверкай, але цяпер следства будзе гэта правяраць:

"Будзе праверана, ці была гэта планавая праверка, або выкліканая па скарзе. Да нас мясцовыя падыходзілі і казалі, што ён там па вуліцы са стрэльбай хадзіў. Таму цяпер з гэтым разбяруцца следчыя, як там адбывалася. Але нашы супрацоўнікі прыехалі па планавай праверцы", — тлумачыць прадстаўнік УУС Сяргей Дучэнка.

Але навошта адразу трох міліцыянтаў адправілі да аднаго чалавека? Ці гэта распаўсюджаная практыка?

Паляўнічы Аляксандр Ачарэтні кажа, што да яго прыходзіць правяраць умовы захоўвання зброі толькі адзін участковы, і часцей за ўсё гэта адбываецца падчас аперацыі "Арсенал":

"Скажу асабіста пра сябе. У мяне праверка адбываецца заўсёды падчас праходжання аперацыі "Арсенал". Да мяне прыходзіць адзін участковы. Адзін раз было, што ўчастковы прыйшоў з трыма курсантамі. Гэта зусім нічым не выбітная працэдура, калі яны аглядаюць сейф у якім захоўваецца зброя, і боепрыпасы".

Прадстаўнік Следчага камітэта абвяргае чуткі, што быццам бы стралок перад штурмам выкінуў стрэльбу з дома у вакно: "Гэтага дакладна не было. Стрэльба была выяўленая падчас агляду ў доме", — запэўнівае прадстаўнік СК Дзмітрый Іванюк.

Інцыдэнт здарыўся 17 жніўня ў вёсцы Бабровічы. Міліцыянты прыехалі праверыць, як захоўваецца зброя у мясцовага жыхара. Калі яны прыйшлі да яго дома, гаспадар узяў паляўнічую стрэльбу і адкрыў агонь на паражэнне. Адзін участковы быў забіты, яго маладзейшы калега атрымаў раненні і цяпер знаходзіцца ў шпіталі. Цяпер стралку пагражае смяротнае пакаранне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі