СМІ: Самалёт “Белавія” вярнулі ў Кіеў з-за вядомага “антымайданаўца”
Самалёт авіякампаніі “Белавія”, які 21 кастрычніка ляцеў з Кіева ў Мінск, вярнулі ў аэрапорт Жуляны з-за вядомага актывіста “Антымайдана” Армена Мартырасяна, які быў на борце. Пра гэта паведамляе украінскае выданне Страна.ua.
Выданне адзначае, што Марцірасян – вядомы блогер, журналіст, актывіст “Антымайдана” і калумніст. Ён аўтар расійскага выдання Украина.ru, якое ўваходзіць у агенцтва “Россия Сегодня”. Журналіст з'ехаў у Маскву з Кіева яшчэ ў 2014 годзе і цяпер Служба бяспекі Украіны зняла яго з борта самалёта. Лайнер вярнулі ў аэрапорт пад пагрозай узняць знішчальнікі. На борце знаходзілася 136 пасажыраў і шэсць чальцоў экіпажу.
Самалёт вылецеў з Кіева ў 15.25 згодна з раскладам, а праз 11 хвілінаў, за 50 кіламетраў да ўваходу ў паветраную прастору Беларусі камандзіру судна паступіла ўказанне дыспетчара прадпрыемства “Украэрарух” неадкладна вярнуцца ў аэрапорт без тлумачэння прычынаў. Камандзір выканаў загад.
У 15.55 самалёт сеў у Жулянах. Праваахоўнікі знялі пасажыра, які з’яўляецца грамадзянінам Арменіі. Пасля дазапраўкі у 16.37 лайнер вылецеў у Мінск і ўдала прызямліўся ў нацыянальным аэрапорце ў 17.33 паводле мясцовага часу.
Адметна, што затрыманы “антымайданавец” быў адпушчаны і ў 19.00 вылецеў у Мінск іншым рэйсам “Белавія”.
Беларускі авіяперавозчык мае намер патрабаваць ад “Украэраруха” кампенсацыі выдаткаў, звязаных з вяртаннем самалёта ў Жуляны, а сам Армен Марцірасян цяпер кансультуецца з юрыстамі наконт гэтага інцыдэнту.