Spiegel: Спецслужбы Германіі дапамагаюць ЗША сачыць за немцамі з 2007 года

Кожнае лета перад адпачынкам Ангела Меркель праводзіць выніковую прэс-канферэнцыю. Падчас чарговай сустрэчы канцлера Германіі з журналістамі 19 ліпеня ключавым пытаннем быў збор звестак аб нямецкіх грамадзянах, зладжаны амерыканскімі спецслужбамі. Аднак нічога ўцямнага на гэту тэму Меркель так і не распавяла.

“Тыя, хто спадзяваліся атрымаць адказ ад канцлера, пакінулі падзею расчараванымі. Ангела Меркель не дала адказу. А замест гэтага правяла 30-хвіліннае мерапрыемства з шырокімі заявамі і расплывістымі адказамі. Што тычыцца скандалу з Агенцтвам Нацыянальнай Бяспекі (NSA), Меркель нагадала лінію партыі ”Пытанне разглядаецца” альбо “Ідзе дыскусія”, — піша Deutsche Welle.

Der Spiegel сцвярджае, што нямецка-амерыканская супраца ў справе сачэння пачалася яшчэ ў 2007 годзе. Яшчэ раней, у пачатку ліпеня, выданне паведаміла, што амерыканскае Агенцтва Нацыянальнай Бяспекі падслухвала нямецкіх грамадзянаў, штомесяц збіраючы дадзеныя аб палове мільярдаў спалучэнняў. Тады прэс-сакратар урада Стэфан Зіберт казаў аб недапушчальнасці падслухоўвання сяброў. Але яшчэ больш пытанняў з’явілася пасля таго, як таблоід Bild распавёў пра выкарыстанне нямецкім войскам у Афганістане праграмы PRISM. У такіх умовах урад быў вымушаны змяніць стратэгію. Стэфан Зіберт сказаў, што, сапраўды, праграма называецца так сама, як і амерыканская, але служыць для чагосьці зусім іншага, а не для шпіянажу. А Ангела Меркель, падчас інтэрв’ю Die Welt 21 ліпеня, прапанавала заключыць міжнароднае пагадненне аб абароне электронных дадзеных.

Ангела Меркель: “У XXI стагоддзі мы мусім быць у стане падпісваць глабальныя пагадненні. Калі лічбавая сувязь падымае новыя пытанні па ўсім свеце, мы мусім прыняць гэты выклік. Германія працуе над гэтым пытаннем”.

Карыстаючыся гучнай справай, нямецкая апазіцыя ўзмацніла ціск на Ангелу Меркель. Праз таблоід Bild лідар парламенцкай фракцыі сацыял-дэмакратаў Франк-Вальтэр Штайнмаер пытаецца:

“Што ведае ўрад? Якія праграмы выкарыстоўваецца дагэтуль? Што Меркель робіць для абароны нямецкіх інтарэсаў? Нам патрэбныя адказы ўжо зараз”.

22 верасня ў Германіі адбудуцца чарговыя парламенцкія выбары. Партыя Ангелы Меркель — Хрысціянска-дэмакратычны саюз — мае падтрымку, дастатковую для перамогі (40% супраць 26% для Сацыял-дэмакратычнай партыі). І, паводле апытанняў, збор звестак амерыканскімі спецслужбамі не з’яўляецца галоўным перадвыбарным пытаннем. Але апазіцыя спадзяецца яго раскруціць з дапамогай СМІ, якія ўсё больш і больш крытыкуюць Меркель.

Фота: Bundesregierung/Kugler

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі