Справа аб пераломе чэрапа: замест калоніі вінаваты заплаціць пацярпеламу

У ліпені суд Барысаўскага раёна разгледзеў гучную справу аб спагнанні грошай з Сяргея А., удар якога прывёў да пералому чэрапа праграміста-тэхнолага з Масквы Андрэя Голубева. У рашэнні сказана, што вінаваты павінен сплаціць каля 66 мільёнаў рублёў кампенсацыі за лячэнне, маральныя страты і разнастайныя выдаткі.

Аднак крымінальнай адказнасці вінаваты пазбег. У многім дзякуючы барысаўскім праваахоўнікам. Гэта ўжо прызнаны факт. Нагадаем пра гучны выпадак.

Удар, змаганне за жыццё, сам вінаваты…

3 ліпеня 2012 года на Дзень Рэспублікі Андрэй Голубеў прыехаў з Расіі на радзіму ў Барысаў. Ля пад’езда ў яго здарыўся канфлікт з маладым суседам — Сяргеем А.. У выніку Голубеў атрымаў удар, упаў на асфальт і стукнуўся галавой. Мужчына выжыў, хоць у яго быў адкрыты пералом чэрапа, разрывы барабаннай перапонкі, слыхавога нерва, і іншыя траўмы. Голубеў дагэтуль, паводле яго слоў, амаль не чуе на левае вуха, не адчувае пахаў і з цяжкасцю адрознівае салёнае ад салодкага.

Месца здарэння

З крымінальнай справай не спяшаліся. Участковы правёў праверку і… не ўбачыў складу злачынства. Вольга Голубева, маці пацярпелага, згадвае, што сігналы пра неаб’ектыўнае стаўленне праваахоўнікаў з’явіліся адразу. Жанчына выказвае здагадку, што нейкія ўплывовыя знаёмыя Сяргея А. не давалі ходу справе.

Раім пачытаць: Кур'ёзы і расчараванні падчас следства па справе аб праламаным чэрапе

Толькі пасля шматлікіх скаргаў выпадкам пачалі займацца ў Барысаўскім райаддзеле Следчага камітэта. Вытворчасць па крымінальнай справе расцягнулася на даволі доўгі тэрмін.

З першага заходу справу падрыхтавалі для перадачы ў суд. Але ў мясцовай пракуратуры яе нечакана завярнулі. Следчыя атрымалі дысцыплінарныя спагнанні. Дарэчы, намеснік пракурора, які прымаў рашэнне, потым перайшоў на службу ў Следчы камітэт і ўжо там спрычыніўся да дарасследавання. Да тае пары артыкул “Наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў” ужо быў перакваліфікаваны ў больш мяккі — “Нанясенне пашкоджанняў па неасцярожнасці”.

З другога заходу падчас дарасследвання складу злачынства не знайшлі. Але пацярпелы бок дамогся ў абласным Следчым камітэце, каб вытворчасць аднавілі.

З трэцяга заходу дайшло да таго, што Сяргея А. прызналі-такі вінаватым, але крымінальнага пакарання ён пазбег, бо сплылі тэрміны прыцягнення да адказнасці. У той жа час, апошняе рашэнне дазволіла Андрэю Голубеву звярнуцца у суд, каб спагнаць з крыўдзіцеля кампенсацыю, што і здарылася.

Следчыя пакараныя за цяганіну

Праца барысаўскіх праваахоўнікаў не засталася без увагі. Як паведамляе Еўрарадыё Сяргей Паско, начальнік галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта, “праведзеныя службовыя праверкі, па выніках якіх два супрацоўнікі Барысаўскага РАСК прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці”.

Канкрэтныя прозвішчы не называюцца. Але вядома, што гэта следчыя, якія займаліся справай на розных этапах.

Дарэчы, дысцыплінарныя спагнанні часта прыводзяць да таго, што службовыя асобы страчваюць у фінансах і нават атрымліваюць праблемы з прасоўваннем па службовай лесвіцы. У Следчым камітэце запэўніваюць, што адказнасць панеслі менавіта тыя супрацоўнікі, якія дапусцілі цяганіну.

Сям’я пацярпелага атрымлівае пагрозы ад Сяргея А.?

У свой час Еўрарадыё прапаноўвала выказацца асобе, якая ўдарыла Андрэя Голубева. Тады Сяргей А. апісаў сітуацыю так, што ён абараняўся і ўсяго толькі штурхнуў пацярпелага.

Дыялог з мужчынам праходзіў даволі напружана. Ён паводзіў сябе нястрымана і ўвесь час пагражаў судамі. Таму цікавімся ў сям’і Андрэя Голубева, ці не здаралася ў іх нейкіх дадатковых праблем з гэтым чалавекам?

"Калі сын выходзіў з суда, Сяргей А. сказаў: “Ну, сустрэнемся, Андрэй, у Маскве. Рыхтуйся”. А калі я хадзіла з сяброўкай у суд па копію рашэння, то ў калідоры мы з ім таксама сустрэліся. Ён двойчы паўтарыў: “Вам непаздаровіцца”", — сцвярджае Вольга Голубева.

Хутчэй за ўсё, 66 мільёнаў рублёў, якія Сяргей А. павінен будзе сплаціць, — не ўсе фінансавыя праблемы, якія яго чакаюць.

“Цялесныя пашкоджанні ў сына былі вельмі цяжкімі. Урачы і сёння кажуць: “Пашчасціла, што ваш сын застаўся жывы, але страты для здароўя істотныя, працэс лячэння будзе працяглым”. Андрэй прыедзе ў Мінск на адпачынак, і суд накіруе яго на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію. Калі там прызнаюць страту працаздольнасці ці нават вырашаць паставіць групу інваліднасці, Сяргей А. будзе сплачваць дадатковую кампенсацыю. Пажыццёва”, — апісвае перспектывы Вольга Голубева.

Пра рашэнне экспертнай камісіі будзе вядома ў другой палове жніўня. Тым часам Сяргей А. падаў касацыйную скаргу на рашэнне суда Барысаўскага раёна ў Мінскі абласны суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі