Справа фанатаў з “Пагоняй”: міліцыя не змагла апублікаваць доказы нецэнзуршчыны

Справа фанатаў з “Пагоняй”: міліцыя не змагла апублікаваць доказы нецэнзуршчыны

Гэты скандал здарыўся на роўным месцы 12 кастрычніка падчас футбольнай гульні Беларусь-Македонія. АМАПаўцы затрымалі некалькіх заўзятараў, у якіх на вопратцы была выява гістарычнага герба “Пагоня”. Назаўтра траім асобам далі па 1,8 мільёна штрафу за “нецэнзурную лаянку” і “непадпарадкаванне службовай асобе”.

А 15 верасня ў сценах Палаты прадстаўнікоў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч паабяцаў Еўрарадыё апублікаваць доказы таго, што затрыманыя сапраўды парушалі закон:

“У гэтай сітуацыі з футбольнымі фанатамі некалькі разоў ім зрабілі заўвагу за нецэнзуршчыну. Яны не рэагавалі, знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Ёсць і відэазапісы, і паказанні сведак, якія гэта пацвярджаюць. Калі неабходныя будуць нейкія пацвярджальныя дакументы, мы іх апублікуем”.

Еўрарадыё даслала ў МУС афіцыйны запыт з просьбай прадаставіць заяўленыя доказы, бо тэма шмат абмяркоўваецца грамадствам. У дакуменце мелася спасылка на абяцанне міністра. Міліцыі прапаноўвалася ці наўпрост перадаць Еўрарадыё доказы, ці паведаміць дату іх публікацыі на сайце ведамства.

У адказе, які падпісаў начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч, нічога не сказана па сутнасці:

“Інфармуем, што ўсе неабходныя сведчанні, якія тычацца адміністрацыйнага правапарушэння, накіраваныя органамі ўнутраных спраў у суд Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, дзе былі разгледжаныя ў адпаведным парадку”.

Справа фанатаў з “Пагоняй”: міліцыя не змагла апублікаваць доказы нецэнзуршчыны

Але абяцанне міністра было ўжо пасля суда!

Звязваемся з 45-гадовым Віталём Будзько, адным з затрыманых на “Барысаў-Арэне”. Падчас суда над ім міліцыя ў якасці доказу сапраўды прадастаўляла відэазапіс.

“Відэа пачыналася з таго, як я размаўляю з афіцэрам АМАП і некім у штацкім. Ніякага гуку няма. Xутчэй за ўсё, камера знаходзілася далёка наверсе. Даволі добра бачна, як мы спрачаемся. Я паказваю міліцыянеру шалік з “Пагоняй”. А потым дастаю пашпарт. Пасля сядаю на крэсла. Шараговыя АМАПаўцы бяруць мяне пад рукі і выводзяць з сектара. Вось усё, што ёсць на гэтым відэа”, — Будзько апісвае для Еўрарадыё так званы відэадоказ.

Еўрарадыё: За што вас затрымалі і чаму вы не падпарадкоўваліся АМАПаўцам?

Віталь Будзько: Сказалі, каб я ішоў з імі для высвятлення асобы. Я адразу ж дастаў пашпарт: “Высвятляйце”. Потым мне зноў сказалі з імі прайсці. Падставаў пры гэтым ніякіх не называлася. У мяне спыталіся: “Вы не падпарадкоўваецеся?” Адказваю: “Так, таму што вы дзейнічаеце беспадстаўна”.

Справа фанатаў з “Пагоняй”: міліцыя не змагла апублікаваць доказы нецэнзуршчыны

Дарэчы, на суд у якасці сведак не запрасілі нікога з іншых заўзятараў, якія непасрэдна бачылі інцыдэнт на трыбуне “Барысаў-Арэны”. Супраць затрыманых фанатаў сведчыў толькі зацікаўлены бок —самі АМАПаўцы. Яны казалі, што атрымалі скаргу ад грамадзян наконт бруднай лаянкі на трыбунах. Сярод тысяч іншых заўзятараў былі выяўленыя правапарушальнікі — тая самыя хлопцы з “Пагоняй”. Ім ветліва зрабілі заўвагу, але на гэта заўзятары не адрэагавалі. Калі правапарушальнікаў пачалі затрымліваць, тыя не падпарадкоўваліся.

У судзе гэтыя сведчанні палічылі дастатковымі.

“У маім выпадку ўвогуле не было ніякага відэа. АМАПаўцы блыталіся ў сведчаннях, не маглі ясна сказаць, калі я выкрыкваў мацерныя выказванні: падчас матчу ці ў перапынку, знізу ці зверху. Гэтыя паводзіны тлумачыліся тым, што ў АМАПаўцаў быў цяжкі перадвыбарчы тыдзень”, — распавядае Зміцер Хведарук, яшчэ адзін асуджаны заўзятар з “Пагоняй”.

Еўрарадыё: Дык вы лаяліся матам? Можа, кульнулі чарку перад гульнёй?

Зміцер Хведарук: Я па жыцці ўвогуле не лаюся і рэзка рэагую, калі чую такія словы. Нават калі спяваюць песню пра Пуціна, устрымліваюся ад такіх словаў.

Ужо каля васьмі гадоў не ўжываю алкаголь, бо адношуся да евангельскай супольнасці. Зразумела, ніякіх абследаванняў на наяўнасць алкаголю ў крыві ў дачыненні да нас не правялі.

Нагадаем, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч удакладняў, што затрымліваць грамадзян за “Пагоню” міліцыя не мае права. А людзей “пакуюць” за антыграмадскія паводзіны: дробнае хуліганства і нецэнзурную лаянку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі