Спявачка Аляксандра Захарык выйшла з-за кратаў
Аляксандра Захарык / bigcitystar.ru
Спявачка Аляксандра Захарык выйшла з-за кратаў. У Фэйсбуку яна напісала: "Я дома. Дзякуй усім, хто турбаваўся".
Як удакладняюць праваабаронцы, справу спявачкі разглядалі 27 красавіка ў судзе Кастрычніцага раёна Мінска. Суддзя Іна Сівец прызначыла ёй пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі (тэрмін і від пакарання праваабаронцам пакуль невядомыя). Аляксандру вызвалілі ў зале суда.
Як распавядала Еўрарадыё, Аляксандру Захарык затрымалі 30 студзеня. Яе абвінавацілі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх" (арт. 342 КК). Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.
Аляксандра Захарык — джазавая спявачка, удзельніца шоу "Голас". Яна двойчы ўдзельнічала ў фінале нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне". 34-гадовая артыстка выступала з гуртом Apple Tea і працавала над уласным праектам ZAKHARIK.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.