Спынілі крымінальную справу супраць работнікаў маёнтку Падароск
Сядзіба ў Падароску
Улады спынілі крымінальную справу супраць работнікаў маёнтка Падароск праз адсутнасць складу злачынства. Пра гэта ў Фэйсбуку напісаў прадпрымальнік і мецэнат Павел Падкарытаў.
"Як той казаў, адна навіна добрая, іншая — благая. Крымінальная справа супраць працаўнікоў Маёнтак Падароск спыненая за адсутнасцю складу злачынства. Аддзел культуры забраў будынкі былой сядзібы Бохвіцаў. Прысабечыў паралельна яшчэ і чужой маёмасці", — заявіў Падкарытаў.
Паводле Падкарытава, аддзел культуры прысабечыў недабудаваныя, не далучаныя да будынкаў і не ўведзеныя сеткі водаправоду і каналізацыі. Гэта маёмасць Падкарытава, якую ён не купляў у аддзела культуры і не павінен быў вяртаць, бо яна не ўваходзіць у склад набытай раней нерухомасці, адзначае Радыё "Свабода".
Прадпрымальнік рыхтуецца абскарджваць рашэнне ўладаў, бо мяркуе, што судовы выканаўца і аддзел культуры райвыканкаму перавысілі мандат, які ім даў суд.
Як распавядала Еўрарадыё, цягам 10 гадоў Падкарытаў укладаў грошы ў рэканструкцыю сядзібы. Ён планаваў зрабіць там музей беларускай шляхты.
Пад канец 2022 года некаторых супрацоўнікаў Маёнтка Падароск затрымалі і абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры. Дырэктару ПТУП "Маёнтак Падароск" Юрыю Меляшкевічу і фінансаваму дырэктару Змітру Карабачу выставілі абвінавачанне ў нявыплаце падаткаў і страхавых унёскаў з заробкаў работнікаў амаль на 400 000 рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.