Стала вядома, калі пачнуць судзіць музыкаў гурта Tor Band
Музыкі з Tor Band / babruysk.by
Стала вядома, калі пачнуць судзіць музыкаў гурта Tor Band. Справа палітвязняў Дзмітрыя Галавача, Яўгена Бурло і Андрэя Ярэмчыка пачне разглядацца ў Гомельскім абласным судзе 14 верасня ў закрытым рэжыме. Музыкаў абвінавачваюць у "распальванні варожасці", "стварэнні экстрэмісцкага фармавання", "дыскрэдытацыі" Рэспублікі Беларусь і "абразе" Аляксандра Лукашэнкі. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі, піша "Флагшток".
Музыкаў гурта Tor Band затрымалі ў Рагачове ў кастрычніку 2022-га. Пазней Бурло, Галавача і Ярэмчыка некалькі разоў запар судзілі паводле адміністрацыйных пратаколаў, а пасля пачалі крымінальную справу і іх перавялі ў гомельскае СІЗА. Яны прызнаныя палітвязнямі.
Сёлета гурт Tor Band у РБ быў прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем", яго сацсеткі, песні, кліпы рэжым Аляксандра Лукашэнкі лічыць таксама "экстрэмісцкімі". Кліпы на песні Tor Band "Мы — не "народец", "Жыве", "Кто, если не ты?!" набралі больш за мільён праглядаў на YouTube.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.