Старшыня Дзяржкамітэта па навуцы: дэградуюць сувязі з заходнімі краінамі
Ад міжнародных санкцый церпіць і беларуская навука. Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу СТБ заявіў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў.
"Некаторае супрацоўніцтва [з заходнееўрапейскімі краінамі] працягваецца. Але мы бачым, як паступова дэградуюць тыя сувязі, якія былі наладжаныя, напэўна, нават дзесяцігоддзямі", — паведаміў чыноўнік.
Па словах Шлычкова, яшчэ працягваюцца праекты, ініцыяваныя Еўрасаюзам — яны былі разлічаныя да 2024-2025 гадоў. Аднак новых сумесных праектаў няма. "Гэта шлях у нікуды. На жаль, перамогі тут не будзе. Парывы сувязяў паміж навукоўцамі, як правіла, паказваюць, што церпяць усе", — скардзіцца ён.
Як заяўляе чыноўнік, у працу па імпартазамяшчэнні ўцягнутыя "і Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, і Нацыянальная акадэмія навук, і ўсе навуковыя арганізацыі ў структуры Міністэрства адукацыі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.