Старшыня Мінгарвынкама: можам не паспець адкрыць трэцюю лінію метро да 3 ліпеня
Увесці ў эксплуатацыю чатыры станцыі трэцяй лініі метро да 3 ліпеня хутчэй за ўсё не ўдасца. Пра гэта журналістам паведаміў старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак.
Будаўніча-мантажныя працы да гэтай даты будуць завершаныя, запэўніў чыноўнік. Але няма ўпэўненасці, што да ліпеня атрымаецца абкатаць новаўвядзенні, якія ўжываюцца на трэцяй лініі метрапалітэна.
"На пероне ўсталёўваюцца дзверы, якія павінны быць сінхранізаваныя з дзвярыма рухомага складу. Другое новаўвядзенне — новы рухомы састаў, хоць ён сертыфікаваны і абкатваецца, але гэта новы састаў. Далей — спецыяльная Сістэма кіравання, корпус якой будуецца з боку вуліцы Ленінградскай. Гэта ўсё патрабуе узмоцненай абкаткі і наладкі", — перадае БЕЛТА словы Сівака. Кіраўнік Мінгарвыканкама дадаў, што тэарэтычна гэтыя працы можна зрабіць да 3 ліпеня, як планавалася, але гарантаваць гэта складана.
Як паведамлялася раней, да афіцыйнага Дня незалежнасці сёлета планавалася ўвесці ў эксплуатацыю чатыры станцыі трэцяй лініі метро — "Кавальская Слабада", "Вакзальная", "Плошча Францішка Багушэвіча" і "Юбілейная плошча". Праца па станцыя "Немаршанскі сад", "Аэрадромная", "Слуцкі Гасцінец" яшчэ вядзецца. Іх плануецца адкрыць у 2023 годзе.
Паводле яшчэ савецкай традыцыі адкрыццё новых станцый метро ў Мінску прымяркоўваюць да дзяржаўнага свята — або Дня незалежнасці, або дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.