Старшыня мінскай абласной арганізацыі АГП: "Партыя расколецца з-за Канапацкай"

Старшыня мінскай абласной арганізацыі АГП: "Партыя расколецца з-за Канапацкай"

Ганна Канапацкая з АГП нечакана перемагла на выбарах Палаты прадстаўнікоў, але шэраг сяброў партыі замест святкавання перамогі пішуць у сацсетках зусім не радасныя пасты.

"Прывітанне ўсім і добрага дню. У сувязі з тым, што партыя (АГП) дала згоду на "назначеніе" аднаго з яе сябраў у Палату прадстаўнікоў... лічу для сябе далейшае кіраўніцтва Мінскай абласной арганізацыяй АГП немэтазгодным. Заяву накірую 25 верасня на сустрэчу спікераў АГП. Сваё знаходжанне ў партыі.. будзе мной абмеркавана са сваімі сябрамі па партыі", ― піша не абы-хто, а кіраўнік мінскай абласной арганізацыі АГП Віктар Малочка.

У размове з Еўрарадыё ён падцвярджае свой намер адмовіцца ад пасады. Віктар расказвае, што яго сын Аляксандр балаціраваўся ў Салігорску і заняў толькі трэцяе месца. "Там мноства парушэнняў было, я іх фіксаваў як давераная асоба кандыдата. Накіраваў скаргі паўсюль. У пракуратуру, КДБ. Мы патрабуем пераліку галасоў, хочам пабачыць бюлетэні. І вось партыя вырашае, што мы пагаджаемся з вынікам Канапацкай. Дык я што, атрымліваецца, іду супраць рашэння партыі?", ― задае рытарычнае пытанне Малочка.

Старшыня мінскай абласной арганізацыі АГП: "Партыя расколецца з-за Канапацкай"

Я, Вольга Маёрава, паспрабавала зрабіць усё, каб прадухіліць тую ганьбу, якая лягла на Аб'яднаную грамадзянскую партыю і на мяне асабіста ў выніку згоды партыі прыняць мандат "дэпутата" "парламента" Ганны Канапацкай. Галоўнае пытанне ― як можна адначасова прызнаваць выбары нелігітімнымі ва ўсёй краіне і рабіць выключэнне для асобна ўзятай акругі? Пра просты выраз салідарнасці з іншымі сябрамі партыі гаворка ўжо нават не ідзе

Сябра АГП Вольга Маёрава

Малочка такі ў АГП не адзін. Сябра партыі (пакуль яшчэ сябра) Вольга Маёрава ўвогуле выступіла з разгромным артыкулам. Эмоцый не шкадавала.

"Я, Вольга Маёрава, паспрабавала зрабіць усё, каб прадухіліць тую ганьбу, якая лягла на Аб'яднаную грамадзянскую партыю і на мяне асабіста ў выніку згоды партыі прыняць мандат "дэпутата парламента" Ганны Канапацкай. Галоўнае пытанне ― як можна адначасова прызнаваць выбары нелігітімнымі ва ўсёй краіне і рабіць выключэнне для асобна ўзятай акругі? Пра просты выраз салідарнасці з іншымі сябрамі партыі гаворка ўжо нават не ідзе", ― піша яна.

І задае не самыя прыемныя для кіраўніцтва АГП пытанні. Напрыклад, пра тое, чаму кіраўніцтва партыі маўчыць аб зафіксаваных партыйнымі назіральнікамі парушэннях на акрузе, дзе ў выніку перамагла Канапацкая. Яе падтрымліваюць не ўсе аднапартыйцы. Мікалай Уласевіч, які балаціраваўся ад АГП ў Смаргонскай акрузе і прайграў старшыні Астравецкага райвыканкама, піша, што Канапацкую варта падтрымаць: "Давайце паменш эмоцый. І ўсё асабістае ўбок. Я бачу, што маюць рацыю з абодвух бакоў. Але найлепшы суддзя ― гэта час. Ну прызначылі Канапацкую і прызначылі. Але калі яна свае дэмакратычныя (я спецыяльна не пішу партыйныя) перакананні не прадасць, то чаму яе не падтрымаць. Дык давайце прытрымаем коней. А АГП трэба як мага хутчэй вызначыцца ў гэтай сітуацыі і зрабіць узважаную палітычную заяву”.

Як стала вядома Еўрарадыё, на наступны дзень пасля перамогі Ганны Канапацкай кіраўніцтва АГП зладзіла інтэрнэт-канферэнцыю з актыўнымі сябрамі партыі. Віктар Малочка гаворыць, што выказаўся за тое, каб Канапацкая выйшла з партыі. "Не ведаю, колькі людзей выказаліся так, як я".

Як далей будзе развівацца сітуацыя ўнутры АГП, спрагназаваць пакуль складана. Аднак некаторыя сябры партыі не выключаюць нават самага непрыемнага сцэнарыя.

"Я вам скажу сваё меркаванне. Не ведаю, наколькі яно пашыранае. Думаю, што частка партыі адколецца", ― кажа Віктар Малочка.

Адбыцца гэта можа ўжо 25 верасня. На гэты дзень прызначаная сустрэча ўсіх былых кандыдатаў, якія балаціраваліся ад АГП. Цікава, што, па некаторых звестках, паклікалі туды не ўсіх.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі