Статкевіч перадаў вестку з-за кратаў: на Акрэсціна былі правакацыі
Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч перадаў вестку з-за кратаў. 30 чэрвеня ў СІЗА № 1 з ім сустрэўся адвакат Уладзімір Сазанчук. Сустрэча працягвалася 10-15 хвілін, яе змест пераказаў тэлеграм-канал "Народная грамада".
Статкевіч з'яўляецца падазраваным па артыкуле "Падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК). Па ім праходзяць таксама затрыманыя блогеры і актывісты. За кратамі палітык знаходзіцца з 31 траўня. Спачатку ён адбываў адміністрацыйнае пакаранне ў ізалятары на Акрэсціна. А калі тэрмін скончыўся, яму выставілі падазрэнне ўжо крымінальнае. Статкевіча прызналі палітвязнем.
Мікалай Статкевіч перадаў прывітанне людзям, якія яго падтрымліваюць. "Гонар ім, рэспект і павага”, — сказаў ён. Статкевіч называе абсурднымі "падазрэнні" па "гродзенскай справе". Нібыта, ён удзельнічаў у "папярэдняй змове" з Сяргеем Ціханоўскім і іншымі, каб пад выглядам збору подпісаў 29 траўня ў Гродне арганізаваць незаконны мітынг. Менавіта тады адбылася правакацыя, у выніку якой затрымалі Ціханоўскага. Сам Мікалай Статкевіч у гэтым горадзе сёлета не быў. Таксама палітык паведаміў, што на Акрэсціна "здзяйсняліся розныя правакацыі", аднак пра іх дэталі расказаць не змог.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.