“Статус Фядыніча не змяніўся і следчыя дзеянні могуць быць непрадказальнымі”

“Статус Фядыніча не змяніўся і следчыя дзеянні могуць быць непрадказальнымі”

Крымінальныя справы супраць лідара прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і яго намесніка Ігара Комліка ідэнтычная крымінальнай справе праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Той жа артыкул ― ухіленне ад выплаты падаткаў, і фармулёўкі тыя ж самыя, і развіццё падзей будзе такім жа. Такое меркаванне ў эфіры Еўрарадыё выказвае актывіст прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак. Па яго словах, распачатая супраць кіраўніцтва РЭП справа ― помста ўладаў незалежнаму прафсаюзу.

Стрыжак: “Гэта помста за актыўную пазіцыю нашага прафсаюза падчас антыдармаедскіх акцый вясной 2017 года. Больш за 30 сяброў нашага прафсаюза атрымалі альбо суткі, альбо штрафы і агульная сума штрафаў была больш за сем тысяч еўра. Адвакатам недармаедаў быў названы адзін з нашых рэгіянальных юрыстаў Леанід Судаленка. Мы актыўна ўдзельнічалі ў кампаніі салідарнасці з затрыманымі падчас тых веснавых акцый. Нашы юрысты падрыхтавалі вельмі шмат скаргаў на дэкрэт №3 у суды. Адзіная спроба “адбіць” чалавека ад дэкрэта №3 таксама была зробленая нашым прафсаюзам: у Гомелі Аляксандр Сямёнаў атрымаў вызваленне ад гэтага “дэкрэтнага” збору, улады былі вымушаныя яго працаўладкаваць, але прызналі такія справы непадсудныя судам агульнай юрысдыкцыі. Мы сабралі 25 тысяч подпісаў онлайн за адмену дэкрэта і яшчэ столькі ж “уручную”. Не кажучы пра тое, што нашы актывісты непасрэдна спрычыніліся да арганізацыі акцый пратэсту, і цяпер атрымалі за гэта па галаве ад дзяржавы”.

На думку Андрэя Стрыжака, удзел прафсаюза РЭП у антыдармаедскіх акцыях стаў апошняй кропляй для ўлады ― незадаволенасць дзейнасцю прафсаюза наспявала даўно.

Стрыжак: “У апошнія гады наша дзейнасць па сацыяльна-эканамічнай абароне працоўных вельмі ўзмацнілася. У сярэднім штогод нашы юрысты адсуджвалі ў наймальнікаў каля мільярда недэнамінаваных рублёў. Гэта сотні спраў, якія штогод вядуцца нашымі юрыстамі ў судах па адстойванні сацыяльна-эканамічных правоў працаўнікоў. Можна ўзгадаць распрацоўку дакументаў і ўдзел у кампаніі адвакатавання, якія скіраваныя на абарону правоў працоўных. Гэта ― пастаянная юрыдычная падтрымка сяброў прафсаюза і кансультацыя для ўсіх ахвотных. У нас больш за 30 рэгіянальных арганізацый, у якія мы прымаем усіх, незалежна ад іх палітычных поглядаў. Мяркую, улада ўбачыла ў нас даволі моцнага праціўніка”.

Нягледзячы на тое, што лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч быў вызвалены пасля допыту следчымі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, Стрыжак не раіць супакойвацца.

Стрыжак: “Працэсуальны статус Генадзя Фядыніча не змяніўся, і следчыя дзеянні могуць мець непрадказальны характар. І калі чалавек выйшаў на свабоду пасля першага допыту, то нішто не перашкаджае затрымаць яго пасля другога ці трэцяга допыту. Хоць Фядыніч і выйшаў на волю, але да гэтага часу за кратамі знаходзіцца другі чалавек нашай арганізацыі ― Ігар Комлік. Не выключаю, што цяпер менавіта ён будзе граць тую ж ролю, якую ў свой час адыграў Бяляцкі”.

Прагназаваць, чым і калі уся справа можа завяршыцца, Стрыжак адмаўляецца. Маўляў, усё толькі пачынаецца, і сённяшнія сведкі заўтра могуць таксама стаць абвінавачанымі.

 

Цалкам размову з Андрэем Стрыжаком можна паслухаць тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі