Стэфановіч: Раю Следчаму камітэту не даводзіць "справу патрыётаў" да суда

Стэфановіч: Раю Следчаму камітэту не даводзіць "справу патрыётаў" да суда

Крымінальную справу па "стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання" Камітэт дзяржаўнай бяспекі перадаў у Следчы камітэт. Адначасова спыніўшы крымінальную справу па абвінавачанні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. На думку праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, гэта сведчыць пра слабую доказную базу ўсёй “справы патрыётаў”.

Стэфановіч: “Гэта ўсё можа, што доказаў рэальных падрыхтоўкі масавых беспарадкаў 25 сакавіка знойдзена не было. А гэта азначае, што ніякай сувязі паміж гэтай меркаванай групай і масавымі беспарадкамі няма. Па-першае, гэта аблягчае абвінавачванне. А другое ― узнікаюць пытанні аб доказнай базе ўсёй гэтай справы ў прынцыпе. І я б у такім выпадку папярэдзіў органы следчыя ад таго, каб пры такіх слабых доказах яны ўсю гэтую справу не перадавалі, а лепш спынілі яе і вызвалілі людзей”.

Па словах Стэфановіча, любыя слабасці доказнай базы імгненна стануць відавочныя падчас суда. І асудзіць людзей пры такой відавочнасці будзе вялікай памылкай уладаў.

Стэфановіч: “Калі доказы будуць хісткія, то ўсё гэта будзе бачна. Асуджаць людзей пры недаказанасці віны азначае, што адпаведныя высновы будуць зробленыя. Пра тое, што справа гэтая сфальсіфікаваная па палітычных матывах. А палітычныя матывы тут відавочна прысутнічаюць. Адпаведна, калі людзі будуць пазбаўленыя волі, то гэта будуць палітычныя зняволеныя”.

Вяртаючыся да знятага абвінавачвання ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, Валянцін Стэфановіч задаецца пытаннем: як у такім разе разумець паказаныя па тэлебачанні фільмы пра нібыта падрыхтоўку такіх беспарадкаў, з бутэлькамі нібыта “кактэйля Молатава” ў кадры?

Нагадаю, 14 абвінавачаных па “справе патрыётаў” дагэтуль знаходзяцца за кратамі. Некаторыя з абвінавачаных выпушчаныя пад хатні арышт.

Першапачаткова сілавікі затрымалі больш за 30 чалавек, абвінаваціўшы іх у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Пазней прыкладна палове з іх выставілі дадатковыя абвінавачанні ў стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. Другую палову затрыманых паступова выпусцілі з-пад варты і знялі абвінавачанні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі