Згублены смартфон расіяніна: РФ рыхтавала напад на Украіну з 2021 года

Павел Юр'янаў / flagshtok.info
Павел Юр'янаў / flagshtok.info

Расія рыхтавала напад на Украіну з тэрыторыі Гомельшчыны прынамсі з 2021 года. Пра гэта сведчаць звесткі са смартфона расійскага вайскоўца, які трапіў у рэдакцыю выдання "Флагшток".

Смартфон, які раней належаў афіцэру расійскага войска, знайшоў адзін з чытачоў і прынёс у выданне. Журналісты вывучылі змесціва тэлефона і вырашылі, што гэта не фальсіфікацыя, бо яны пацвярджаюцца данымі з сацсетак уладальніка смартфона і яго блізкіх.

Смартфон належаў маёру Паўлу Юр'янаву — намесніку камандзіра роты па выхаваўчай рабоце 37-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгады, якая дыслакуецца ў горадзе Кяхта. На фота пашпарта ў тэлефоне пазначана, што нарадзіўся ён у вёсцы Харанхой (Рэспубліка Бурація) у 1980 годзе.

Зыходзячы з перапіскі, можна меркаваць, што падрыхтоўка да нападу на Украіну пачалася ў 2021 годзе. 23 снежня 2021 года Юр'янаў піша жонцы, што выходных больш не будзе: яго не адпусцілі з часці нават на Новы год.

Перад вайной расійскіх вайскоўцаў забяспечвалі слаба. Напрыклад, перад адпраўкай куртку і кітайскую радыёстанцыю для маёра набывала жонка.

У тэлефоне ёсць тэмы лекцый, якія маёр чытаў вайскоўцам па дарозе ў Беларусь: "Узброеныя Сілы РФ на перадавых рубяжах барацьбы з міжнародным тэрарызмам. Экстрэмізм і тэрарызм як пагроза нацыянальнай бяспецы Расіі", "Патрыятызм — статутны і маральны абавязак вайскоўца".

Месцам прамежкавай дыслакацыі вайскоўцаў, як можна меркаваць з фатаздымкаў на тэлефоне, быў Рэчыцкі раён. 4 лютага маёр сказаў жонцы, што іх чакаюць не проста вучэнні. Ён ужо не хаваў, што дадому можа не вярнуцца.

У Беларусі выявілася, што частка вайскоўцаў не атрымала належнага грашовага забеспячэння. У памяці тэлефона было 17 адпаведных рапартаў. Выявілася, што частка вайскоцаў была залічаныя перад самай адпраўкай. Іх асабістыя справы не паспелі прыняць, таму налічыць ім забеспячэнне паабяцалі толькі ў сакавіку.

У тэлеграм-чаце "На барыкады" 6 лютага былі апублікаваныя шыфры перамоўнай табліцы. Там былі назвы паселішчаў Гомельскай вобласці: палігон Баршчоўка, палігон Баранавічы, н.п. Рэчыца, н.п. Безуева (верагодна, Безуеў — вёска недалёка ад Рэчыцы, дзе размяшчаўся палявы ваенны лагер у студзені–лютым 2022 года).

У гэтым жа чаце паведамлялася, што месцам выгрузкі ўзбраення і вайсковай тэхнікі для нападу на Украіну стала закінутая вёска ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Яе каардынаты адпавядаюць урочышчу Дзярновічы (вёска ў Нараўлянскім раёне была адселеная ў 1986 годзе).

Групоўка, сфармаваная на захад ад ракі Прыпяць, удзельнічала ў ваенных дзеяннях у Жытомірскай вобласці, захапіла Чарнобыльскую АЭС, а таксама штурмавала паўночна-заходнія прыгарады Кіева.

23 лютага, за дзень да нападу, Юр'янаў сфатаграфаваў парадак калоны вайсковай тэхнікі. Там пералічаныя 62 транспартныя адзінкі: пераважна КамАЗы, Уралы і ЗІЛы (даўжыня калоны 3150 метраў).

16 сакавіка маёр сфатаграфаваў новы спіс тэхнікі — цяпер у ім было толькі 15 адзінак, прычым адна з іх была выкрасленая. Нумары машын і прозвішчы вайскоўцаў супадаюць з часткай прозвішчаў, пазначаных у спісе 23 лютага.

Цяпер сацсеткі Юр'янава неактыўныя. У сацсетку "Вконтакте" ён заходзіў апошні раз 17 лютага 2022 года, за тыдзень да пачатку вайны. Апошнія запісы, зробленыя гаспадаром тэлефона, датаваныя 17 сакавіка. У інтэрнэце не было звестак пра гібель Юр'янава.

Яго знаёмы ў адной з сацсетак адказаў журналістам "Флагштока", што Юр'янаў загінуў ва Украіне у сакавіку 2022 года. У яго засталіся дзве непаўналетнія дачкі.

Згублены смартфон расіяніна: РФ рыхтавала напад на Украіну з 2021 года
Згублены смартфон расіяніна: РФ рыхтавала напад на Украіну з 2021 года
Згублены смартфон расіяніна: РФ рыхтавала напад на Украіну з 2021 года
Згублены смартфон расіяніна: РФ рыхтавала напад на Украіну з 2021 года
Згублены смартфон расіяніна: РФ рыхтавала напад на Украіну з 2021 года
Згублены смартфон расіяніна: РФ рыхтавала напад на Украіну з 2021 года
Згублены смартфон расіяніна: РФ рыхтавала напад на Украіну з 2021 года
Згублены смартфон расіяніна: РФ рыхтавала напад на Украіну з 2021 года

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі