Студэнты БДПУ таксама падалі петыцыю ў рэктарат супраць платы за пераздачы
Студэнты Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка звярнуліся ў рэктарат з петыцыяй. Яны выступілі супраць платных адпрацовак пропускаў і платных пераздач.
Яны гатовыя правесці сацыялагічную апытанку сярод студэнтаў наконт гэтай праблемы. А пасля прыйсці да "канструктыўнага дыялогу" з адміністрацыяй.
Як распавёў Еўрарадыё адзін са студэнтаў, пакуль адміністрацыя ніяк не адрэагавала на петыцыю:
"Не ўсе студэнты згодныя з платнымі пераздачамі. І зараз такі час, што не ўсе могуць аплаціць пераздачы. Гэта значна б'е па кішэнях студэнтаў. Зараз навучанне каштуе 12-13 мільёнаў. І калі плата за навучанне расце, то чаму мы мусім аплачваць пераздачы?"
Раней студэнты БДУ сабралі пад петыцыяй у рэктарат 2,5 тысячы подпісаў супраць увядзення платных пераздач. Пасля яны правялі вулічны марш, які сабраў некалькі дзясяткаў студэнтаў. Нікога з удзельнікаў не пакаралі.
Фота: minsk.nemiga.info