Стваральнік купалаўскага шрыфта: Будзе попыт — зробім усіх пісьменнікаў
Як распрацоўваўся шрыфт-аналаг почырку Янкі Купалы і ці будзе развіццё праекту, распавядае дызайнер Павел Мінкевіч.
Да 110-годдзя літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы, якое будзе адзначацца ў траўні, створаны камп’ютарны шрыфт-аналаг почырку паэта. Распрацоўшчык шрыфту Павел Мінкевіч прызнаецца, што даўно марыў “зрабіць які-небудзь унёсак у беларускі дызайн і наблізіць гісторыю і культуру краіны да людзей”. Ідэю з почыркам беларускага песняра музей Янкі Купалы падтрымаў з азартам і адразу забяспечыў хлопца ўсімі неабходнымі матэрыяламі.
“Дызайн шрыфту я распрацаваў за некалькі дзён, а вось сам шрыфт… было складана, — узгадвае Павел. — Давялося сядзець абклаўшыся рукапісамі і корпацца, корпацца, корпацца. Трэба было ўзяць адну літару, паглядзець самае частае яе напісанне, зрабіць нешта сярэдняе, але каб гэта добра чыталася і супадала з астатнімі літарамі. Гэта было вельмі марудна”.
Павел Мінкевіч разам з двума паплечнікамі працавалі вечарамі каля двух месяцаў. У выніку музей Купалы, асноўным крытэрыем якога было найбольшае падабенства да арыгіналу, застаўся вельмі задаволены.
Шрыфт, які атрымаў назву Рiasniar, можна свабодна скачаць на афіцыйным сайце праекту piasniar.by. Існуе тры мовы шрыфту: беларуская, руская ды польская лацініца, якую наблізілі да англійскай мовы.
Дызайнер стварыў шрыфт на базе почырка Янкі Купалы (фота)
“У музей жа прыязджаюць замежныя госці, таму было б добра, каб супрацоўнікі маглі для іх паказваць што-небудзь на англійскай мове. Ну, і беларусы, якія жывуць за мяжой, калі пажадаюць, таксама могуць карыстацца шрыфтам для сваіх перапісак”, — дадае Павел.
Малады дызайнер спадзяецца, што яго шрыфтам зацікавяцца розныя выдавецтвы, стваральнікі паштовак ды сувенірнай прадукцыі ды, натуральна, звычайныя людзі. Ад гэтага залежыць развіццё праекту. Бо ўжо ёсць прапановы на стварэнне шрыфту паводле почырку Уладзіміра Караткевіча, але пакуль незразумела яго запатрабаванасць.
“Калі гэта будзе каму-небудзь трэба, то паступова можна почыркі ўсіх беларускіх пісьменнікаў перавесці ў шрыфты”, — рэзюмуе Павел.
Афіцыйная прэзентацыя “Песняра” адбудзецца 19 сакавіка ў музеі Янкі Купалы. Пачатак 19:00. Плануецца яшчэ і другая, пашыраная прэзентацыя, да якой рыхтуецца “ажыўленне сайту” з дапамогай анімацыі, стварэнне асобнай старонкі з сувенірнай прадукцыяй музея, дадасца гісторыя стварэння шрыфту з усімі падрабязнасцямі ды іншыя прыемныя дробязі, якія пакуль проста не паспелі зрабіць.
Загалоўнае фота: карціна А. Волкава "Янка Купала на адпачынку"