Суд над брэсцкім актывістам Андрэем Шарэндам будзе ў панядзелак
Суд над брэсцкім актывістам Андрэем Шарэндам і ўдзельнікам “маршу недармаедаў” адбудзецца ў панядзелак. Як паведаміў Еўрарадыё праваабаронца Раман Кісляк, разглядаць гэтую справу будуць у Ленінскім раённым судзе Брэста 6 сакавіка ў 12.00.
Шарэнда быў затрыманы 3 сакавіка ўвечары. Ён прымаў удзел у акцыях пратэсту супраць дэкрэту №3 (“дэкрэт аб дармаедах"), якія прайшлі ў абласным цэнтры 19 і 26 лютага. На думку Рамана Кісляка, актывіста наўмысна нейтралізавалі перад выходнымі, каб ён не ўдзельнічаў у новай акцыі.
Цяпер Андрэй Шарэнда застаецца ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РУУС Брэста. У жонкі затрыманага прынялі перадачу.
Паводле Рамана Кісляка, міліцыянты павінны даставіць Шарэнду ў суд цягам 48 гадзінаў пасля затрымання — такая норма ёсць у КаАП, аднак праваахоўнікі ўвесь час пра гэта забываюцца. Такім чынам, яны былі абавязаныя або вызваліць актывіста да суда, або даставіць у суд ужо ў нядзелю.