Суд над брэстаўчанінам Яўгенам Скрабцом перанеслі на 21 траўня
Незалежны журналіст запатрабаваў адваката.
Маладога чалавека вінавацяць у дробным хуліганстве. Рашэнне аб пераносе паседжання 19 траўня вынес суд Ленінскага раёна Брэста, каб задаволіць хадайніцтва абвінавачанага аб абароне.
Як распавёў Еўрарадыё праваабаронца Раман Кісляк, з будынку суда Скрабца вярнулі ў пастарунак Ленінскага РУУС. Сувязь з ім адсутнічае. Раман Кісляк мяркуе, што незалежнага журналіста могуць пакінуць у ізалятары да новага паседжання.
Як паведамляла Еўрарадыё, 17 траўня незалежнага журналіста затрымалі людзі ў цывільным. Яны заявілі, быццам ён падобны да нейкага злачынцы. Для высвятлення асобы Скрабца даставілі ў Ленінскі РУУС. Ужо адтуль ён паведаміў праваабаронцам, што на яго складаюць адміністрацыйны пратакол за "лаянку матам у грамадскім месцы". Дзве ночы хлопец правёў у ізалятары часовага ўтрымання.
Фота — з архіва svaboda.org