Суд накіраваў лекара-праўдашукальніка на прымусовае лячэнне ў вар'ятню
Віцебскага лекара Ігара Пастнова будуць прымусова лячыць у абласным цэнтры псіхіятрыі і наркалогіі.
Такі вердыкт вынесла суддзя Віцебскага раёна Таццяна Дзегцярова на паседжанні 21 жніўня, паведамляе БелаПАН са спасылкай на праваабаронцу Леаніда Свеціка. Па яго словах, рашэнне прынята на падставе заключэння медычна-кансультацыйнай камісіі і са згоды абласной пракуратуры. Пастнова маюць штомесяц аглядаць на прадмет далейшага лячэння.
Суд прайшоў без самога Пастнова, які знаходзіцца ў псіхіятрычным цэнтры, яго адваката і прадстаўніка пракуратуры. Былы лекар абмежаваны ў правах: ён не можа прымаць пасылкі, наведвальнікаў, ён пазбаўлены тэлефанаванняў і перапіскі.
Пастноў мае 10 дзён для абскарджання рашэння суда. Аднак, кажа Свецік, цяжка ўявіць, як гэта можна зрабіць пры такім абмежаванні правоў.
Нагадаем, што Пастноў апынуўся на лячэнні ў вар'ятні некалькі дзён таму. Праваабаронцы сцвярджаюць, што падставай для гэтага сталі відэавыступы лекара ў інтэрнэце. У іх Пастноў рэзка крытыкаваў стан віцебскай медыцыны ды іншыя недахопы.
Фота — news.vitebsk.cc