Суд пазбавіў трох ліцэістаў права самастойна распараджацца стыпендыяй

Суд пазбавіў трох ліцэістаў права самастойна распараджацца стыпендыяй

У Нараўлянскім раёне Гомельшчыны суд па заяве пракурора пазбавіў трох непаўналетніх навучэнцаў права распараджацца стыпендыяй і іншымі прыбыткамі, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры

Адпаведны зварот раённая пракуратура атрымала ад Нараўлянскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Падлеткі, якія засталіся без апекі бацькоў, навучаліся ў ліцэі на дзённым аддзяленні і былі на поўным дзяржаўным забеспячэнні. Стыпендыю ды іншыя кампенсацыйныя выплаты яны трацілі на выпіўку.

Педагогі ліцэя ды інспекцыі па справах непаўналетніх неаднаразова праводзілі з навучэнцамі прафілактычныя гутаркі, але безвынікова.

Па выніках праверкі пракурор Нараўлянскага раёна падаў заявы ў суд. Выязное судовае пасяджэнне па адным з падлеткаў адбылося ў актавай зале ліцэя ў прысутнасці іншых навучэнцаў. Перад сваімі выкладчыкамі і аднакурснікамі юнак абяцаў выправіцца.

Суд прызнаў трох непаўналетніх абмежавана дзеяздольнымі і пазбавіў іх права самастойна распараджацца стыпендыяй ды іншымі прыбыткамі. Над падлеткамі прызначанае апякунства. За выдаткоўваннем сродкаў павінен сачыць дырэктар ліцэя.

Дарэчы, сёлета органы пракуратуры Гомельскай вобласці накіравалі ў суд ужо 9 такіх заяваў. А ў 2017-м іх было 11 за ўвесь год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі