Суд скараціў экс-чыноўніку Мінгарвыканкама тэрмін зняволення з 12 да 7 гадоў
Суд скараціў былому намесніку старшыні Мінгарвыканкама, экс-начальніку галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Андрэю Дамарацкаму тэрмін зняволення з 12 да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Апеляцыйная скарга разглядалася Мінскім гарадскім судом. Пракурор прасіў пакінуць тэрмін ранейшым, але адмяніць канфіскацыю маёмасці. Аднак суд вырашыў і тэрмін скараціць, і канфіскацыю адмяніць. Быў пакінуты штраф, які складае каля 40 тысяч долараў.
Самога Дамарацкага на разглядзе апеляцыі не было.
Андрэй Дамарацкі быў затрыманы вясной 2018-га. Начальнікам галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама ён стаў восенню 2017 года пасля таго, як была скарочана яго пасада намесніка кіраўніка сталіцы па пытаннях гандлю, гасцініц, грамадскага харчавання. У ліпені сёлета суд Цэнтральнага раёну Мінска прызнаў Дамарацкага вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў і атрыманні хабару.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.