Суперкубак па футболе атрымала брэсцкае “Дынама” — упершыню ў гісторыі

Суперкубак па футболе атрымала брэсцкае “Дынама” — упершыню ў гісторыі

Уладальнікам Суперкубка Беларусі па футболе стала брэсцкае “Дынама”. 10 сакавіка на стадыёне ФК “Мінск” брэстаўчане згулялі з дзеючым чэмпіёнам, барысаўскім БАТЭ і выйгралі з лікам 2:1.

Галамі адзначыліся: у “Дынама” — Сандра Готал і Максім Вітус, у БАТЭ — Мікалай Сігневіч. Адметна, што лік мог быць 2:0: брэстаўчане забілі першы гол з пенальці на 14-й хвіліне і на 30-й хвіліне павялічылі перавагу, трымаючы лік амаль да канца гульні, але “мяч гонару” на апошняй дадатковай хвіліне забіў Сігневіч.

Абедзве каманды ўваходзяць у сезон з новымі трэнерамі: у барысаўчан настаўнікам стаў Алег Дулуб, а ў брэстаўчан — чэшскі спецыяліст Радаслаў Латал.

Апроч таго, адбылося шмат перастановак у складзе гульцоў абедзвюх каманд. Напрыклад, у БАТЭ завяршыў кар’еру форвард Віталь Радзівонаў, але былі падпісаныя трое легіянераў з Сербіі. З “Дынама” сышлі легіянеры Леандра Торэс і Нівалда, аднак шэрагі клуба папоўніў лідар гродзенскага “Нёмана” Павел Савіцкі і брамнік Аляксандр Гутар. Апошні акурат стаяў на варотах “Дынама” ў суперкубкавым матчы.

Матч за Суперкубак БАТЭ прайграў упершыню з 2012 года — тады барысаўчане саступілі ганаровы трафей “Гомелю”. Для брэсцкага “Дынама” гэта першы ў гісторыі заваяваны Суперкубак.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі