Супрацоўнікі КДБ змогуць складаць пратаколы паводле пратэсных артыкулаў
Супрацоўнік КДБ
Супрацоўнікаў Камітэта дзяржбяспекі Беларусі надзялілі паўнамоцтвамі складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях і рыхтаваць адміністрацыйныя справы да разгляду ў судзе. Гэта прадугледжана пастановай ведамства. Дакумент апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым партале.
У пастанове пералічана каля 20 артыкулаў КоАП. Сярод іх ёсць і тыя, якія ў Беларусі выкарыстоўваюцца для палітычных рэпрэсій, у тым ліку:
- арт. 19.10 (Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі);
- арт. 19.11 (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць);
- арт. 19.12 (Незаконны выраб і (або) распаўсюджванне методык альбо іншых матэрыялаў пра спосабы вырабу выбуховых прылад і выбуховых рэчываў);
- арт. 19.13 (Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці);
- арт. 23.9 (Парушэнне патрабаванняў па выкарыстанні нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт);
- арт. 24.10 (Незаконнае пранікненне на ахоўныя аб'екты);
Частка артыкулаў тычыцца вядзення бізнесу ў Беларусі: арт. 13.3 (Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) і арт. 24.11 (Непрадстаўленне ўпаўнаважанай асобай або ІП дакументаў, справаздач і іншых матэрыялаў). Пратакол на грамадзяніна супрацоўнік КДБ можа скласці і за адмову ад дачы тлумачэнняў, а таксама за адмову эксперта або перакладчыка ад выканання ўскладзеных на іх абавязкаў (арт. 25.5).
Нагадаем, раней паўнамоцтвы КДБ перагледзелі ў рамках закона аб барацьбе з тэрарызмам. У пачатку снежня Палата прадстаўнікоў прыняла папраўкі ў гэты закон адразу ў двух чытаннях. Новыя правілы дазваляюць супрацоўнікам КДБ прымяняць зброю ў натоўпе, а таксама страляць у бок жанчын, асоб з відавочнымі прыкметамі інваліднасці і непаўналетніх у выпадку групавога нападу з іх боку або "аказання імі ўзброенага супраціву". Уступіць у сілу гэты закон павінен з 1 студзеня 2024 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.