Сваячка “ўгоншчыка самалёта”: Мы ў шоку ад навіны. Ён добры, верыць у Бога

Калі з’явілася інфармацыя пра спробу ўгнаць рэйс “Кутаісі — Мінск”, галоўнага героя гісторыі, Гелу Сахелашвілі, многія ўявілі сапраўдным тэрарыстам.

Знаходзім яго старонку ў сацыяльных сетках.

Аказваецца, Гела жыве не ў Кутаісі, а ў Тэржале — пяцітысячным населеным пункце непадалёк ад Кутаісі. На дзвюх сотнях фотакартак Гела ўдзельнічае ў сямейных урачыстасцях, паказвае дачку, узводзіць праваслаўную царкву ў якасці будаўніка, фатаграфуе іканастас у тым жа храме, пазіруе з сябрамі, сабачкамі… 

Ніхто не верыць, хто ведае Гелу, што ён учыніў тэракт. Усе ў шоку, такога ніколі не здаралася. Ён вельмі добры чалавек. Ён не праблемны. Зброі ў яго быць не магло. Які тэракт?” — ледзь не плача Ія Тварадзэ, сваячка Гелы Сахелашвілі. Аператыўна паразмаўляць з яго жонкай Інгай не ўдалося, бо яна не ведае рускай мовы.  

Еўрарадыё: Ёсць версія, што Гела “нарабіў спраў” праз алкаголь. Ці часта ён выпівае?

Ія Тварадзэ: Не, нячаста. Але такое магло здарыцца. Нават калі ён быў п’яны, ніколі ад яго не здаралася праблем. Мы думаем, што ён у самалёце нейкім чынам пажартаваў, а яго няправільна зразумелі. Рэальна! Ён ніколі не трымаў у руках зброі, дапамагаў людзям. Станавіўся гарой за дзяцей. Любіць царкву, Бога. Як такі чалавек мог учыніць тэракт?

Еўрарадыё: Ці былі ў Гелы раней праблемы з законам?

Ія Тварадзэ: Была толькі адна праблема, ён быў у машыне п’яны за рулём. І ў яго няма правоў. Больш нічога.

Еўрарадыё: Навошта Гела ляцеў у Мінск?

Ія Тварадзэ: Жонцы патрэбныя грошы на аперацыю, у яе хворае сэрца. Таксама ў Гелы ёсць дачка Бая, ёй восем. Яна дрэнна бачыць, у яе блізарукасць. І таксама трэба дапамога дактароў. Вось чаму ён паляцеў працаваць у Беларусь будаўніком.

Еўрарадыё: Ці ёсць у сям’і грошы, каб аплаціць Гелу адваката?

Ія Тварадзэ: Якія грошы! Інга працуе ў краме. Што рабіць, сям’я не ведае. Ніхто са следчых ці з пасольства Грузіі нам пакуль не званіў.

Еўрарадыё: Камандзір экіпажа сказаў, што Гела напісаў запіску з пагрозай узарваць самалёт “лацінскім літарамі па-англійску”. Ці валодае ваш сваяк гэтай мовай?

Ія Тварадзэ: Ён можа размаўляць па-руску.  Ведае нямецкую мову, бываў там раней. Гэта было дзесьці 10 гадоў таму, калі ён яшчэ не быў у шлюбе. Вазілі з Германіі аўтапакрышкі…

Тэрарыст ці п’яны жартаўнік?

Складана паверыць у тое, што Гела са сваімі моўнымі здольнасцямі мог складна, паслядоўна і па-англійску напісаць камандзіру экіпажа запіску “з пагрозай узрыву авіялайнера і патрабаваннем аб змяненні курса палёту ў адну з еўрапейскіх краін”. Экіпаж і спецслужбы, у сваю чаргу, мусілі на гэта адрэагаваць. 

Многае стала б зразумела, калі б можна было зірнуць на тую няшчасную запіску, якую Гела перадаў камандзіру экіпажа. Але што канкрэтна ў ёй было — КДБ не каментуе. Адмаўляецца пра гэта гаварыць і камандзір экіпажа.

Камандзір захопленага экіпажа: Запіска была напісана лацінскімі літарамі

Не паведамляецца інфармацыя і наконт нейкай зброі ці муляжоў зброі, якімі грузін мог тэрарызаваць членаў экіпажа  і пасажыраў. Хоць, як паведаміў Еўрарадыё лётчык Аляксандр Букрэеў, пасажыры пра пагрозы нічога не ведалі.

Важкіх матываў уганяць самалёт для дастаўкі сваёй персоны ў Рым у грузіна не было. Даляцець з Кутаісі ў Італію можна за меншыя грошы, чым да Мінска. А жалезнай заслоны, як у часы СССР, таксама даўно не існуе.

Нягледзячы на гэта, грузіну пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі за “угон альбо захоп з мэтай угону паветранага судна”.

Дык хто ж гэта такі Гела Сахелашвілі — падпіты жартаўнік ці сапраўды дзёрзкі ўгоншчык самалёта?

“Гэта адно з тых пытанняў, якое следства павінна будзе высветліць, — кажа кіраўнік прэс-службы КДБ Артур Стрэх. — Сёння крымінальная справа знаходзіцца ў вытворчасці. Па ёй праводзяцца ўсе неабходныя следчыя дзеянні. У адпаведнасці з дзейным крымінальна-працэсуальным заканадаўствам цягам 10 дзён яму мусіць быць выстаўлена абвінавачанне”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі