Сваякі Пцічкіна не згодныя з высновамі следства аб прычынах яго смерці

Як паведамляла Еўрарадыё, 9 студзеня следства абвясціла свае высновы наконт рэзананснай смерці мінчука Ігара Пцічкіна ў мінскім СІЗА МУС №1. Па версіі следства, хлопец быў спажыўцом наркатычных спайсаў. За кратамі ў Пцічкіна ўзнікла вострае (часовае) псіхічнае засмучэнне на фоне стану адмены псіхаактыўных рэчываў. Яны ўскладніліся парушэннем свядомасці, вар'яцкімі ідэямі пераследу, галюцынацыямі. З гэтай прычыны 3 жніўня 2013 года яго шпіталізавалі ў медчасць СІЗА і прымацававалі мяккімі рамянямі да ложка, каб ён сам сабе не пашкодзіў.

Смерць Пцічкіна, як паведамляюць у Следчым камітэце, наступіла раніцай 4 жніўня з прычыны вострай сардэчна-сасудзістай недастатковасці.

Маці памерлага Жанна Пцічкіна заявіла агенцтву БелаПАН, што пасля 13 студзеня яна накіруе скаргі старшыні Следчага камітэта і генеральнаму пракурору. Плануецца таксама падаць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Па словах Пцічкінай, у вядомых ёй высновах па выніках другой экспертызы, праведзенай пасля эксгумацыі цела, гаворыцца, што не выяўлена слядоў ужывання яе сынам наркотыкаў. Таксама няма звестак аб ужыванні ім наркотыкаў і алкаголю. Прычынай смерці, па яе словах, называюцца выяўленыя цялесныя пашкоджанні.

Нагадаем, у 2013 годзе Ігар Пцічкін быў асуджаны да трох месяцаў адміністрацыйнага арышту за кіраванне аўтамабілем у перыяд пазбаўлення права кіравання. 30 ліпеня ён прыбыў у СІЗА №1, а праз некалькі дзён супрацоўнікі ізалятара паведамілі сваякам, што малады чалавек памёр ад сардэчнага прыступу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі