Сведка выбуху ў Бабруйску: “Думаў, што дом падае”
Карыстальнік сацсетак стаў відавочцам самападрыву пакупніка бабруйскай крамы.
Позна ўвечары 1 лютага ў Бабруйску каля крамы “Корзинка” мужчына падарваў сябе, ён загінуў. З'явіліся першыя сведчанні людзей пра гэтае здарэнне.
“Каля 21:10 нешта пад маім домам выбухнула, вельмі гучна, там, дзе крама. Метраў за 10 ад майго дома. Цяпер там процьма міліцыі, МНС і людзей. Лужына крыві. Хутчэй за ўсё, ён (падрыўнік — Еўрарадыё) псіхічна хворы...
Загадчыца бабруйскай крамы: “Купіў мандарыны і пайшоў. А потым — выбух"
Я адзін з першых 5 сведкаў. Я сядзеў дома, займаўся справамі, раптам нешта выбухнула пад домом. Спачатку падумаў, што дом падае, узяўся за стол, потым падумаў, што бомба або петарда вялікая… Чуў плач дзяцей і бачыў, як пяцёра мужчын перабягалі да крамы. Я думаў, гэта нехта петардамі забаўляецца. Праз 10 хвілін там стаяла куча людзей, МНС, міліцыі, медыкі. Перакрылі дарогу. Цяпер шукаюць аскепкі бомбы… Магчыма, чалавек быў не адзін. Відаць, што каля дзвярэй ўвагнутасць і аскепкі за крамай, гэта значыць адзін зарад гэта не мог быць”, — піша відавочца на сваёй старонцы.
Нагадаем, што ў нядзелю, 1 лютага, каля 21-й гадзіны ў Бабруйску прагучаў выбух. Здарэнне адбылося каля крамы "Корзинка" на вуліцы Батава. Падарваў сябе мужчына 59 гадоў. Вядома, што ён жыхар Бабруйска.
Па словах прадавачкі, мужчына быў "прыстойна апрануты", перад гэтым зайшоў у краму, купіў дзве бутэлькі гарэлкі і адну віна, мандарыны. Ён папрасіў прадавачку адкаркаваць адну бутэльку, прапаноўваў выпіць разам. Жанчына кажа, што пры гэтым ён сказаў нешта накшталт "мне ўжо ўсё адно...".
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па выбуху ў Бабруйску
Раніцай 2 лютага Следчы камітэт распаўсюдзіў заяву аб здарэнні. Паводле яе, загінулым аказаўся 59-гадовы бабруйчанін. Распачатая крымінальная справа па артыкуле "набыццё і захоўванне выбуховага прыстасавання".
Фота — bobruisk.ru