Выбух у Бабруйску: Прычыны, сведчанні відавочцаў, фота з месца здарэння

У нядзелю 1 лютага каля 21.00 у Бабруйску прагрымеў выбух. Здарэнне адбылося каля крамы "Корзинка" на вуліцы Батава. Падарваў сябе мужчына 59 гадоў, жыхар Бабруйска.

Па словах прадаўшчыцы, прыстойна апрануты мужчына перад гэтым зайшоў у краму, купіў дзве бутэлькі гарэлкі і адну віна, мандарыны. Ён папрасіў прадаўшчыцу адкаркаваць бутэльку, прапаноўваў выпіць разам. Жанчына кажа, што пры гэтым ён сказаў нешта накшталт "мне ўжо ўсё адно".

Пазней Еўрарадыё паведамілі ў Следчым камітэце, што ў загінулага ад выбуху ў Бабруйску быў рак. Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына быў інвалідам. У яго засталіся жонка і сын.

Следчы камітэт ужо ўстанавіў асобу загінуўшага ад выбуху ля бабруйскай крамы, яго імя не выдаецца да канца следчых дзеянняў. Вядома, што ў загінулага засталася жонка і дзіця.

Папярэдняя версія: У загінулага ад выбуху ў Бабруйску быў рак

"Гэта мужчына 59 гадоў. Мяркуецца, ён быў інвалідам 2-й групы. Цяпер следчыя правяраюць, ці не стаяў ён на ўліку ў псіха або наркадыспансеры. Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына быў хворы на анкалогію", — расказваюць Еўрарадыё ў Следчым камітэце Магілёўскай вобласці.

Загадчыца магазіна Наталля да гэтага часу пад уражаннем ад таго, што ўбачыла:

"Я прыйшла, калі ўжо ўсё адбылося. Усё было ачэплена міліцыяй. "Хуткія", МНС былі тут. Скажу вам, што крама не пашкоджаная ў выніку выбуху, ахвяр і пацярпелых сярод прадаўцоў таксама няма, дзякуй Богу".

Загадчыца бабруйскай крамы: “Купіў мандарыны і пайшоў. А потым — выбух"

Каля 21 гадзін 1 лютага ў амаль пустую краму на бабруйскай вуліцы Батава зайшоў мужчына. Купіў дзве бутэлькі гарэлкі, адну віна і мандарыны. Разлічваючыся на касе, паўжартам ён прапанаваў касірцы выпіць з ім. Звычайная справа для вечара нядзелі. Касірка прадказальна ад пачастунка адмовілася. Мужчына яшчэ пастаяў хвіліну ў памяшканні, потым выйшаў за дзверы. Праз хвіліну супрацоўніцы крамы пачулі моцны выбух.

"Звычайны, здаецца, пакупнік. Прыйшоў, выбіраў мандарыны і алкаголь. Пагутарыў з прадаўшчыцай і выйшаў. А потым раптам дзяўчаты пачулі выбух... Мы потым доўга тут былі, пакуль эксперты працавалі, ўсё такое. Толькі нядаўна раз'ехаліся. Дзяўчаты спяць яшчэ, адпачываюць. Не варта іх турбаваць", — распавядае загадчыца магазіна Наталля.

У выніку выбуху мужчыну літаральна разарвала. З'явіліся і першыя сведчанні людзей пра гэта.

Сведка выбуху ў Бабруйску: “Думаў, што дом падае”

"Каля 21:10 пад маім домам выбухнула, вельмі гучна, там, дзе крама. Метраў у 10 ад майго дома. Цяпер там куча міліцыі, МНС і людзей. Лужына крыві. Я адзін з першых 5 сведак. Я сядзеў дома, займаўся справамі , раптам нешта выбухнула пад домам. Спачатку падумаў, што дом падае, узяўся за стол, потым падумаў, што бомба або петарда вялікая... Чуў плач дзяцей і бачыў, як пяцёра мужчын перабягалі да крамы. Я думаў, гэта хтосьці петардамі забаўляецца. Праз 10 хвілін там стаяў натоўп, МНС, міліцыя, медыкі. Перакрылі дарогу. Цяпер шукаюць аскепкі бомбы... Магчыма, чалавек быў не адзін. Відаць, што ў дзвярах ўвагнутасць і аскепкі за крамай, гэта значыць, адзін зарад гэта не мог быць", — піша мясцовы жыхар на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы.

Па словах следчых, мужчына, які загінуў, здзейсніў самападрыў. Іншых загінулых і пацярпелых няма. Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу за набыццё і захоўванне выбуховага прыстасавання.

Каб выявіць абставіны здарэння, праваахоўнікі пакватэрна абышлі бліжэйшыя дамы. Прызначаны шэраг экспертыз, у тым ліку, судова-медыцынская і крыміналістычная па выбуховым прыстасаванні.

Фота — bobruisk.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі