Загадчыца бабруйскай крамы: “Купіў мандарыны і пайшоў. А потым — выбух"
Еўрарадыё даведалася некаторыя падрабязнасці выбуху ля бабруйскай крамы “Корзинка”.
Позна ўвечары 1 лютага ў Бабруйску каля крамы “Корзинка” мужчына падарваў сябе, ён загінуў. Загадчыца крамы Наталля дагэтуль пад уражаннем ад таго, што пабачыла ля сваёй крамы:
“Я прыйшла, калі ўжо ўсё адбылося. Усё было ацэплена міліцыяй. “Хуткія”, МНС было тут. Скажу вам, што крама не пацярпела ў выніку выбуху, ахвяраў і пацярпелых сярод прадаўцоў таксама няма, дзякуй Богу”.
У Бабруйску мужчына падарваў сябе каля крамы
Каля 21-й гадзіны 1 лютага ў амаль пустую краму на бабруйскай вуліцы Батава зайшоў мужчына. Набыў дзьве бутэлькі гарэлкі, адну віна і мандарыны. Разлічваючыся на касе напаўжартам напаўсур’ёзна прапанаваў касірцы выпіць з ім. Звычайная справа для вечара нядзелі. Касірка прадказальна ад пачастунку адмовілася. Мужчына яшчэ пастаяў хвіліну ў памяшканні, потым выйшаў за дзверы. Праз хвіліну супрацоўніцы крамы пачулі моцны выбух.
“Звычайны, здаецца, пакупнік. Прыйшоў, выбіраў мандарыны і алкаголь. Паразмаўляў з прадаўшчыцамі і выйшаў. А потым раптам дзяўчаты пачулі выбух… Мы потым доўга тут былі, пакуль эксперты працавалі, усё такое. Толькі нядаўна раз’ехаліся. Дзяўчаты спяць яшчэ, адпачываюць. Не варта іх турбаваць”, — расказвае загадчыца крамы Наталля.
У выніку выбуху мужчыну літаральна разарвала. Загадчыца крамы гаворыць, што незвычайны пакупнік не быў мясцовым жыхаром. Усе дзяўчаты ў краме працуюць не першы год, ведаюць амаль усіх пакупнікоў у твар. Учорашняга “падрыўніка” бачылі першы раз.
“Дзяўчаты яго першы раз бачылі тут. У нас калектыў даўно разам працуе тут, ведаем пакупнікоў. Гэтага мужчыну першы раз бачылі”, — расказвае Наталля.
Следчы камітэт паведаміў папярэднюю версію выбуху ў Бабруйску
Раніцай 2 лютага Следчы камітэт распаўсюдзіў заяву аб здарэнні. Паводле яе, загінулым аказаўся 59-гадовы бабруйчанін. Распачатая крымінальная справа па артыкуле "набыццё і захоўванне выбуховага прыстасавання".
Фота — bobruisk.ru