Калегі — пра мужчыну, які падарваў сябе: Ён перажываў, што стаў непатрэбны

У загінулага 59-гадовага бабруйчаніна, які падарваў сябе каля крамы, быў рак мозгу. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк.

Салянюк: “У нас ёсць дакументы, у загінулага быў рак мозгу, гэта нам пацвердзілі медыкі. Тып выбуховай прылады пакуль невядомы, вядзецца следства. Па словах жонкі, калі ён даведаўся пра хваробу, то пачаў выпіваць, у яго пачалася дэпрэсія”.

Нагадаем, у Бабруйску 1 лютага ў 21 гадзіну вечара адбылася трагедыя. 59-гадовы мужчына падарваў сябе каля крамы “Кошык” на вуліцы Батава.

Як высветлілася, мужчына працаваў кіроўцам і да здарэння быў на добрым уліку ў аўтапарку.

“Сям’я добрая, нічога дрэннага нельга пра іх сказаць. Двух сыноў вырасцілі. Адзін свой, другі прыёмны, і дзеці талковыя”, — так кажуць пра былога супрацоўніка ў бабруйскім аўтапарку №2.

На прадпрыемстве распавядаюць, што мужчына прыйшоў звальняцца яшчэ ў лістападзе, адразу як даведаўся пра страшны дыягназ.

Супрацоўніца: “Праходзіў медагляд, прыйшоў і сказаў, што звальняецца. У даведцы сам асадкай выправіў групу здароўя — замест першай паставіў сабе трэцюю, каб не было ніякіх пытанняў. У жонкі таксама невылечная цяжкая хвароба, але ў яе другая група. Ён сказаў, што звальняецца. Вельмі перажываў, што стаў непатрэбны, і таму…”

У бабруйскім аўтапарку кажуць, што работнік быў вельмі адказны, добры і чуллівы, ніколі нікому не адмаўляў у просьбе.

У Бабруйску мужчына падарваў сябе каля крамы

Выбух у Бабруйску: Прычыны, сведчанні відавочцаў, фота з месца здарэння

Загадчыца бабруйскай крамы: “Купіў мандарыны і пайшоў. А потым — выбух"

Сведка выбуху ў Бабруйску: “Думаў, што дом падае”

Сведка выбуху ў Бабруйску: “Ад чалавека засталіся толькі ногі”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі