Светлагорскага святара вызвалілі ад пасады пасля гібелі двух мужчын у царкве

Светлагорскага святара вызвалілі ад пасады пасля гібелі двух мужчын у царкве

У Светлагорску мясцовага святара вызвалілі ад пасады пасля гібелі двух мужчын, паведамляе БелаПАН.

Раней паведамлялася, што целы двух рабочых былі знойдзеныя ў царкве зранку 20 красавіка. Аднаму быў 31 год, другому — 34. Яны займаліся рамонтам у царкве. Прыкмет гвалтоўнай смерці у мужчын следчыя не выявілі.

Епархіяльны савет Гомельскай епархіі пастанавіў, каб усе выдаткі па пахаванні памерлых узяў на сябе прыход храма святых апосталаў Пятра і Паўла ў Светлагорску. Імёны памерлых будуць унесены ў сінодзіку парафій Гомельскай епархіі для пастаяннага памінання за Боскай літургіяй.

У сувязі з трагічным здарэннем у Светлагорску адмянілі мерапрыемствы Велікоднага фестывалю, запланаваныя на 14 траўня.

Протаіерэя Уладзіміра, пры якім адбылася трагедыя, епархіяльны савет пастанавіў вызваліць ад пасады благачыннага цэркваў Светлагорскагй акругі. Замест яго прызначаны Аляксандр Кісель, настаяцель парафіі храма Праабражэння Гасподняга ў Светлагорску.

Прычыны смерці рабочых паведаміў начальнік Светлагорскага РАУС Рыгор Кузьменка. Па яго словах, якія перадае ranak.by, на працу ў Петрапаўлаўскую царкву прыехалі сем чалавек з Гомеля. Яны мусілі рамантаваць царкву на дабрачыннай аснове. Пяць з іх у тую трагічную ноч адпачывалі на арандаванай кватэры, а два засталіся ў царкве, каб скончыць працу.

Як выявілі судмедэксперты, іх смерць наступіла ў выніку "атручвання прадуктамі гарэння прыроднага газу".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі