Сябра абвінавачанага ў забойстве Саламацінай: Аднойчы п’яны ён ударыў мяне

Аляксей — калега і сябра Паўла Цыняўскага, абвінавачанага ў жорсткім забойстве 18-гадовай Юлі Саламацінай. Ён падпрацоўвае дыджэем. Аляксей кажа, што менавіта ён разгледзеў талент вядучага ў Паўле Цыняўскім і ўцягнуў яго ў “вясельны бізнес”. Шмат часу яны працавалі разам і рэдка замоўшчыкі заставіліся незадаволеныя святам. Раней Аляксей часта бываў у кватэры, дзе, як мяркуе следства, адбылося забойства дзяўчыны, але апошнія месяцы рэдка бачыўся з Паўлам.

“У яго дома стаяў трэнажор, думаю, ён дагэтуль там стаіць, — узгадвае Аляксей. — І мы з паўгода займаліся ў яго дома. Недзе з верасня 2013 года па студзень 2014. Разы два на тыдзень, атрымліваецца, я бываў у яго дома. А потым я пацягнуў спіну і перастаў займацца. Мы пачалі неяк радзей бачыцца, і ён пачаў налягаць на алкаголь”.

Па словах Аляксея, Павел увогуле заўсёды быў прыхільнікам здаровага ладу жыцця. Менавіта таму і займаўся спортам, любіў катацца на ровары, таму і адміністраваў суполку раварыстаў у сацыяльнай сетцы.

“У прынцыпе, ён быў нядрэнным чалавекам. Начытаным, вельмі любіў і добра ведаў гісторыю, — працягвае Аляксей. — Адзінае, што яму нельга было піць! Бо п’яным ён мог нарабіць справаў. І ён гэта ведаў. Гады з тры-чатыры ён увогуле не піў. Ён быў жанаты і ўсё добра было. Але потым яго, відаць, развод падкасіў, яны з жонкай даволі даўно разышліся. Так атрымалася, што дзесьці за паўгода да гэтага забойства я з ім амаль не меў стасункаў. Але ведаю, што апошнім часам ён пачаў нармальна так ужываць. У прынцыпе, на гэтай глебе мы і пачалі разыходзіцца. Я яму казаў: “Блін, ты не пі, ты ж ведаеш, што табе нельга!””.

Аднойчы Аляксей выпіваў з Паўлам. У пэўны момант той адключыўся і зваліўся. Калі Аляксей яго падняў і паспрабаваў завесці дамоў, той не пазнаў сябра.

“Я яго паднімаю, ён на мяне глядзіць, і я бачу, што ён увогуле не разумее, што гэта я. Ён мяне ўдарыў, я яго адпусціў і ўсё. На раніцу ён мне тэлефануе і пытаецца, што было. Я яму распавёў. Ён пачаў панікаваць, маўляў, як так, я ж нічога не памятаю, прабач мяне, калі ласка, і г.д. Я яму сказаў, што ўсё нармальна, не пераймайся, галоўнае, далей не пі. Ён пагадзіўся. У выніку ён паляцеў у краму, набыў нейкія прадукты: какаву, шакалад, апельсіны, мандарыны…, прынёс гэта мне і кажа: “Вось! Прабач мяне, калі ласка!”. То бок цвярозы ён быў абсалютна адэкватны і прыемны ў стасунках чалавек. Але, як вып’е…”

Тым не менш, хлопцы час ад часу стэлефаноўваліся і абмяркоўвалі, што з кім адбываецца. Нягледзячы на станоўчыя водгукі ад замоўшчыкаў, Павел перастаў браць працу на вяселлях. І пачаў займацца тым, што добра ўмее і любіць.

“Па жыцці ён вельмі гаспадарлівы. Вельмі любіў займацца рознымі рэчамі па доме. Не тое, каб любіў, але ўмеў! Мог, як кажуць, дзверы запіліць. То бок гэта ўсё ў яго вельмі добра атрымлівалася. Я так разумею, што апошнім часам гэтым ён і займаўся. Падпрацоўваў “мужам на гадзіну” — хадзіў па аб’явах, рабіў людзям тое, што трэба”.

Акурат у ноч, калі да Паўла прыехала Юлія Саламаціна, былыя сябры размаўлялі праз skype. Верагодна, што і дзяўчына была недзе побач. Па словах Аляксея, былы калега быў моцна п’яны. Але больш пра гэты дзень Аляксей не распавёў, бо на панядзелак, 26 студзеня, у яго позва ў суд, дзе ён праходзіць, як галоўны сведка.

Нагадаем, Паўла Цыняўскага абвінавачваюць у забойстве 18 гадовай Юліі Саламацінай. 18 ліпеня 2014 года яна паехала на сустрэчу з хлопцам, з якім пазнаёмілася ў сацсетцы, і знікла. Паводле дадзеных следства, 26-гадовы мінчанін падчас сваркі задушыў дзяўчыну рэменем. З дапамогай маці ён схаваў яе цела ў лесапаласе ў межах горада. Падчас агляду кватэры абвінавачанага былі знойдзеныя доказы здзейсненага злачынства, заяўляюць следчыя. Суд над Паўлам Цыняўскім пачаўся 22 студзеня. Ён сам і яго маці цалкам прызналі сваю віну.

Маці Паўла Галіна Цыняўская пагадзілася даваць паказанні ў судзе. Чытае іх з паперкі праз слёзы.

На судзе па забойстве Саламацінай сёння дапытваюць маці Цыняўскага

Падрабязнасці жорсткага забойства Юліі Саламацінай

Забойца Юліі Саламацінай і яго маці цалкам прызналі сваю віну (онлайн)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі