Сяргей Чалы: Выбар быў зроблены на карысць надзейнасці, а не кампетэнтнасці

Еўрарадыё: Год таму у інтэрв’ю Еўрарадыё вы прадказвалі, што пасля Пракаповіча прыйдзе новая Віннікава. Вашае прадказанне спраўдзілася. На чым вы варажылі?


Сяргей Чалы: “Я сыходзіў з таго што мэтай макраэканамічнай грашова-крэдытнай палітыкі пасля крызісу будзе спроба рабіць несумяшчальныя рэчы. Адначасова падтрымліваць рост вытворчасці, а з іншага боку стрымліваць грашовую эмісію, змагацца з інфляцыяй, утрымліваць нерынкавы ўзровень курса. Гэта задача, якая калісьці вырашалася Тамарай Дзмітрыеўнай Віннікавай. Больш за тое, сітуацыя аналагічная і ў іншым сэнсе. Я вельмі добра памятаю момант прызначэння Віннікавай кіраўніцай Нацбанка. Тады было некалькі груповак ў эканамічнай уладзе. Адна з іх — старая гвардыя — казала, што ёсць рэчы, якія немагчыма рабіць  адначасова. Немагчыма падтрымліваць вытворчасць з дапамогай крэдытнай эмісіі і не выклікаць пры гэтым інфляцыі. І была група, якую увасабляла Віннікава, якая сцвярджала, што гэта магчыма, і для гэтага прыдумляліся розныя навукападобныя тэрміны, кшталту "павышэнне манетызацыі эканомікі" ці . "каналізацыя грашовай эмісіі". Гэта як калі да пацыента адзін лекар прыходзіць і кажа: у вас гангрэна і патрэбная тэрміновая ампутацыя. А іншы лекар — шарлатан — кажа: нічога страшнага, мы аспірыну і вітамінак пап’ем, і ўсё пройдзе. А цяпер уявіце сабе, што вы прэзідэнт і ў эканоміцы сітуацыя не вельмі добрая. Што вы выбераце?

Шмат было выказванняў спецыялістаў з таго ж Нацбанка. І прэм’ер, і віцэ-прэм’еры, і Мінфін казаў пра тое, што трэба тэрмінова вырашаць сітуацыю на валютным рынку, здымаць усе абмежаванні, пераходзіць да адзінага рынкавага курса. Вы ж памятаеце, прэзідэнт выслухаў шмат спецыялістаў, пакуль нарэшце не знайшоў спецыялістаў з Кітая, якія прамовілі тое, што ён хацеў пачуць. А менавіта, што ўвесь той маразм, што адбываецца ў эканоміцы, гэта добра. Ад таго моманту з’явілася магчымасць спасылацца на тое, што нашыя меры насамрэч адпавядаюць сусветнаму досведу.

Тая ж сітуацыя з Ермаковай. Мяркуючы па звестках тэлеграфнага агенцтва, яна сказала, што праблемы няма, што курс, які зараз ёсць, не стрымліваецца адміністрацыйнымі сродкамі, ён адпавядае попыту і прапанове. І ўвогуле сітуацыя ў фінансавым сектары ў парадку, адток дэпазітаў спыніўся. Яна сказала тое, што хацеў пачуць прэзідэнт. І гэта быў галоўны крытэр, паводле якога яна была выбраная са спісу прэтэндэнтаў”.

Еўрарадыё: Віннікава не пратрымалася на пасадзе нават году. Ці доўга пратрымаецца Ермакова?

Сяргей Чалы: “Правільней запытацца не пра тое, як доўга пратрымаецца сама Ермакова, а пра тое, што органы ўлады адчуваюць жорсткі кадравы голад. І калі з’явіцца нейкі спецыяліст дастаткова кампетэнтны, і з іншага боку — дастаткова адданы прэзідэнту (бо мы ж разумеем, што Ермакова — гэта шклоўскі кадр), дык гэтая замена можа адбыцца. А што датычыцца прагнозаў адносна таго, што можа здарыцца... Калі працягваць аналогію з гангрэнай: можна ж доўга рабіць выгляд, што ў чалавека тэмпература не ад гангрэны, а ад простага запалення. Фокус у тым, што добрых рашэнняў у нашай сітуацыі няма, і чым далей мы будзем адцягваць непазбежныя крокі па рынкавай стабілізацыі сітуацыі, тым больш жорсткія крокі будуць патрэбныя. І тым горшая будзе сітуацыя потым. Чыста тэарэтычна, можна ўвогуле свядома не рабіць нічога, бо ў выніку сітуацыя выйдзе з-пад кантролю і карэкціроўка курса адбудзецца па-за жаданнем кіраўнікоў, як гэта адбылося напрыклад у Расіі ў жніўні 1998 года”.

Еўрарадыё: У выніку такой палітыкі можна згубіць нацыянальную валюту?

Сяргей Чалы:  “Эканоміка ўсё ж жывы механізм. Можна доўга яе гвалціць, але забіць складана. У гісторыі такіх  такіх выпадкаў не было напэўна. Затое было шмат выпадкаў, калі эканоміка забівала палітыку. Можна вельмі доўга спрабаваць супраціўляцца непазбежнаму, але пры гэтым ствараецца эфект сціснутай спружыны, і ў выніку адбудзецца тое, што павінна. Пытанне толькі ў тым, ці мы самі рашаемся на гэта і можам кіраваць працэсам, ці працэс пойдзе тады, калі мы ўжо не зможам кантраляваць сітуацыю”.

Еўрарадыё: Чаму, на вашую думку, кіраўніком Нацбанка не паставілі каго-небудзь з дзейсных ці былых намеснікаў Пракаповіча?

Сяргей Чалы:  “Шчыра кажучы, не ведаю. Я думаю, што акурат Юрый Алымаў быў бы лагічным выбарам. З пункту гледжання кампетэнцыі — па сутнасці — гэта той чалавек, які курыраваў акурат накірунак валютнай палітыкі і пытанні плацёжнага баланса. Улічваючы яго досвед, менавіта ён і павінен быў узначаліць Нацбанк. Відаць, выбар быў зроблены на карысць добранадзейнасці, а не кампетэнтнасці”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі