Ціханоўскі знаходзіцца за кратамі з 29 траўня. Па так званай "гродзенскай справе" яго абвінавачваюць у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Праваабаронцы прызналі блогера палітвязнем.
Скарга, якую разглядаў суд, датычыць аднаго з адміністрацыйных працэсаў, па якім у траўні Сяргей Ціханоўскі атрымаў 15 сутак арышту (рашэнне вынес суд Савецкага раёна Гомеля). Ён даказвае, што не парушаў закон і прасіў пастанову суда адмяніць. Суддзя Аляксандр Сужаеў настойваў, што з удзелам Ціханоўскага адбыўся "мітынг", "несанкцыянаванае мерапрыемства". Той у адказ казаў, што насамрэч гэта было інтэрв'ю: "Падыходжу да чалавека з мікрафонам, пытаюся ў яго: "Як жывецца ў Оршы?" — "Кепска". Ён абураны, што пратаколы склалі не толькі на яго, але і на людзей, якія прыходзілі на сустрэчу. Блогер назваў гэта "запалохваннем людзей" і пераследам "з палітычных матываў".
"Чаму тады чарга ў краме, дзе людзі стаяць і таксама скардзяцца на тое, што кепска жывецца ў краіне, не называюць мітынгам?", — пытаўся ў суддзі Сяргей Ціханоўскі.
Суддзя апеляцыю Ціханоўскага не задаволіў, паколькі ён не толькі браў інтэрв'ю ў людзей, а яшчэ "і сам выказваўся пра палітычныя падзеі ў кантэксце мітынгаў".
За секунды да адключэння відэасувязі Сяргей Ціханоўскі паспеў крыкнуць: "Но пасаран!".