Сяргей Гайдукевіч — сваёй жонцы: “Глядзі, прагаласуй правільна!”
Кандыдат у прэзідэнты Сяргей Гайдукевіч галасаваў на ўчастку №77 аграгарадка Сёмкава пад Мінскам. Лічба па датэрміновым галасаванні тут склала 30,3%. Буфета на выбарчым участку няма.
“Сама б ужо выпіла чаго-небудзь гарачыцельнага, чаю, напрыклад, а то тут холадна”, — дзеліцца думкамі супрацоўніца сярэдняй школы, у якой размясцілі ўчастак.
Музычны калектыў адвыступаў тут а 10 раніцы (Гайдукевіч галасаваў а 12-й) і выправіўся ў аграгарадок Бальшавік. Выпівох ля выбарчага ўчастку няма. Галасаваць сюды нярэдка пад’язджаюць сем’і ў на даволі добрых аўто.
Сяргей Гайдукевіч падзяліўся з Еўрарадыё інфармацыяй, што ён ідзе на стабільным другім месцы.
У даволі цесмным пакойчыку для галасавання кандыдат вырашыў разняволіць усіх прысутных.
“Глядзі, прагаласуй правільна!” — паўшчуваў ён сваю жонку. На жарт зарагатаў нават комік Яўген Крыжаноўскі, які ўваходзіць у Ліберальна-дэмакратычную партыю Беларусі.
Гайдукевіч пердад тым, як кінуць бюлетэнь у скрыню, выказаўся, што галасуе за мірнае неба. Пасля кандыдат удакладніў, што паставіў птушачку насупраць свайго прозвішча.