Сяргея Ціханоўскага ўнеслі ў базу "Міратворцы" — за паездку ў Крым у 2017 годзе
Сяргей Ціханоўскі / Еўрарадыё
Беларускі палітвязень, Youtube-блогер Сяргей Ціханоўскі трапіў у базу "Міратворцы" — сайта, які фіксуе "злачынствы супраць асноў нацыянальнай бяспекі Украіны". Прычынамі названыя "свядомае парушэнне дзяржаўнай мяжы Украіны" і "ўдзел у спробах легалізацыі акупацыі АР Крым".
У 2017 годзе Сяргей Ціханоўскі наведваў анэксаваны Расіяй Крым. Запісы пра гэта захаваліся ў яго сацсетках. Мяркуючы па іх, блогер падтрымліваў ідэі "рускага свету" і шчыра захапляўся Уладзімірам Пуціным.
У сакавіку 2019 года Сяргей Ціханоўскі стварыў Youtube-канал "Краіна для жыцця", дзякуючы якому за год стаў папулярным беларускім відэаблогерам. "Краіна для жыцця" жорстка крытыкавала дзеючыя ўлады. У снежні 2019 года Ціханоўскі асвятляў акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй.
Выйшаўшы на волю Ціханоўскі ўзначаліў ініцыятыўную групу жонкі і стаў збіраць подпісы за яе па ўсёй Беларусі. 29 мая падчас пікету ў Гродне ён быў затрыманы пасля правакацыі з боку дзвюх невядомых жанчын. Сёння супраць Ціханоўскі і яго прыхільнікаў пачата некалькі крымінальных спраў. Адну з іх ініцыявала старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.