Сяргея Пальчэўскага, які адбыў 3 сутак арышту, вывезлі з Акрэсціна
Абаронцу Курапатаў Сяргея Пальчэўскага, які адбыў 3 сутак адміністрацыйнага арышту, вывезлі з Акрэсціна. У пятніцу яго прыйшлі сустракаць каля 30 чалавек. Сярод іх былі вядомыя дзеячы — Аляксей Янукевіч, Павел Вінаградаў, Максім Вінярскі, Вячаслаў Сіўчык. Не дачакаўшыся актывіста, яны скандавалі "ганьба!".
Мяркуецца, што Пальчэўскага вывезлі з Акрэсціна на мікрааўтобусе. Такое часам робіцца праваахоўнікамі, каб сарваць урачыстую сустрэчу актывіста пасля адбыцця адміністрацыйнага пакарання.
Як вядома, Пальчэўскага затрымалі 7 сакавіка, спачатку паведамлялася, што яго асудзілі за ўдзел у "несанкцыянаванай акцыі" на 10 сутак. Учора стала вядома, што насамрэч ён быў асуджаны на 3 сутак адміністрацыйнага арышту. 24 лютага Сяргей Пальчэўскі прыкаваў сябе кайданкамі да грузавіка, перашкаджаючы будаўніцтву каля Курапатаў. Тады яго міліцыянеры не змаглі затрымаць.