Тату з вазком з Лебядзінага, затрыманага на дваровай сустрэчы, аштрафавалі

Суд Цэнтральнага раёну Мінска / TUT.BY
Суд Цэнтральнага раёну Мінска / TUT.BY

Мужчын, затрыманых у суботу на дваровай сустрэчы ў мінскім мікраараёне Лебядзіны, аштрафавалі за парушэнне легендарнага артыкула 23.34 КаАП. У той вечар затрымалі траіх. Аднаго забралі ў аддзяленне з двума маленькімі дзецьмі, але затым адпусцілі. Астатнія мужчыны правялі дзве ночы ў ізалятары на Акрэсціна. У панядзелак адбыўся суд.

Адзін з затрыманых Мікалай Шуркаеў — той самы мужчына, які быў вымушаны пакінуць суседзям вазок з 9-ці месячным сынам, каб праехаць з супрацоўнікамі міліцыі ў аддзяленне. Малога маме прывезлі суседзі.

У судзе Мікалай распавёў, што ў той вечар ён вяртаўся з сынам з крамы, і спыніўся паслухаць музыку. Гралі калядныя мелодыі.

"Калі музыка скончылася, я рушыў у бок дома. У гэты момант з буса выйшлі людзі ў чорнай форме, на спіне было напісана "АМАП". Потым іх галоўны звярнуўся: "Грамадзяне, у мяне распараджэнне забраць усіх мужчын для высвятлення асобы. Усе мужчыны праходзяць у аўтобус",  — паведаміў суду Мікалай, паведамляе TUT.BY.

Ён пабаяўся сыходзіць  — баяўся, што да яго прыменяць фізічную сілу. Таму перадаў вазок суседзям і пайшоў з супрацоўнікамі міліцыі.

На відэа, якое дэманстравалася ў судзе, было бачна, што ні стужак, ні плакатаў ва ўдзельнікаў дваровай сустрэчы не было. У асабістых рэчах Мікалая пры ператрусе стужачак таксама не знайшлі.

Між тым, супрацоўнік Цэнтральнага РУУС, які выступіў на судзе сведкам, паведаміў, што ў той вечар у Лебядзіным сабралася каля 20 чалавек, якія "выказвалі свае грамадска-палітычныя настроі", і што ў іх у руках былі бел-чырвона-белыя стужачкі. На ўдакладняючае пытанне адваката, што было ў руках у Шуркаева, сведка адзначыў: "Наколькі я памятаю, бел-чырвона-белыя стужкі". Аб калясцы ён так і не ўзгадаў.

У выніку суддзя Дзмітрый Карсюк вырашыў, што Мікалай Шуркаеў вінаваты ў здзяйсненні правапарушэння і прызначыў яму штраф у памеры 810 рублёў.

Такое ж пакаранне атрымаў і яшчэ адзін затрыманы ў той вечар мужчына  — 35-гадовы Віктар Дашкевіч. Яго таксама затрымалі ўвечары 19 снежня ў Лебядзіным і павезлі ў РУУС — "для высвятлення асобы". А ў пратаколе пазней напісалі, што ён парушаў Закон Аб масавых мерапрыемствах, выказваў свае грамадска-палітычныя настроі, і знаходзіўся сярод людзей, якія трымалі бел-чырвона-белыя стужкі.

Пасля затрымання ў Лебядзіным тат з дзецьмі прэс-служба МУС выступіла з заявай. Паведамлялася, што быў сігнал ад грамадзян  — аб падазроным натоўпе ў мікрараёне Лебядзіны, сярод якога заўважаныя малалетнія дзеці. Супрацоўнікі, якія прыбылі на месца, прасілі прысутных разысціся і адвесці дзяцей дадому. Тыя не адрэагавалі. Тады траім мужчынам прапанавалі праехаць у аддзяленне.

"Адзін з іх самастойна прыняў рашэнне зрабіць гэта разам з двума сваімі дзецьмі. Другі таксама самастойна перадаў калыску знаёмай і спакойна прайшоў у службовы транспарт", распавядалі ў МУС.

У ведамстве таксама прадбачліва адзначылі, што "ніякіх спецсродкаў у дачыненні да сем'яў з дзецьмі супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі