Топ-10 удзельнікаў “Еўрабачання” па меркаванні букмекераў

Як Ланская глядзіцца на фоне іншых удзельнікаў "Еўрабачання 2013" (відэа)

14 траўня ў Швецыі стартуе “Еўрабачанне 2013”. Хто пераможа? Лепш за ўсіх гэта ведаюць букмекеры, якія штогод прымаюць стаўкі на вынікі конкурсу.

 

Датчанка Эмілі дэ Форэст ужо некалькі месяцаў узначальвае спіс фаварытаў. Стаўкі на яе прымаюцца 1/2,20 — гэта значыць, за 1 еўра стаўкі можна атрымаць усяго 2,20 еўра выйгрышу. Эмілі пачала спяваць у 14 гадоў, цяпер ёй 19. Яна мае звычку выступаць басанож, бо гэта, па яе словах, “дапамагае адчуваць энергію зямлі”.

Бліжэйшая канкурэнтка Эмілі дэ Форэст — украінская прыгажуня Злата Агневіч. На сцэну “Мальмё Арэны” яна, напэўна, выйдзе ў абутку: па сцэнарыі, падчас выканання песні яна апынецца ў “чароўным лесе”. Побач з ёю будзе “фантазійны велікан”, ролю якога выканае адзін з самых высокіх людзей планеты Ігар Ваўковінскі. Яго рост — 2 метра 34 сантыметры!

На трэцяе месца букмекеры ставяць Маргарэт Бергер з Нарвегіі. Але тут — як пойдзе: песня “I feed you my love”, з якой нарвежка ідзе на конкурс, запісаная ў стылі industrial. Сама спявачка называе яе “вельмі цёмнай і вельмі паэтычнай”. Вельмі па-нарвежску, але ці будзе да месца на конкурсе еўрапапсы?

У кроку ад п’едэстала можа застацца расіянка Дзіна Гарыпава. Прынамсі, так мяркуюць букмекеры. У спявачкі атрымалася ўпэўніць Еўропу, што яе песня “What If” — усё ж не плагіят, хаця, да яе і былі пытанні. Пафасны хіт напісалі шведскія кампазітары, а дома і сцены “Мальмё Арэны” дапамагаюць.

Яшчэ тыдзень таму пятае месца трымала Італія. Але Марка Менгоні, як кажуць, пасунуўся. А пасунуў яго Фарыд Мамадаў з Азербайджана, які дагэтуль нават не ўваходзіў у Топ-10. Дакладней, не адзін, а два Фарыды: “дапамагаць” спеваку на сцэне будзе яго “цёмнае” альтэр-эга, зачыненае ў шкляной скрыні.

Італьянец Марка Менгоні пакуль шосты, але тыя ж букмекеры добра ведаюць, што ён можа больш. Пераможца сёлетняга фэсту ў Сан-Рэма вязе на “Еўрабачанне” салодкую песню “L'essenziale”. Падчас выканання Марка на сцэне адзін — ні бэк-вакала, ні падтанцоўкі. А чаго турбавацца? Італія пачынае адразу з фіналу!

Сёмае месца букмекеры з William Hill аддаюць Грузіі. Сафі Гелавані і Нодзі Тацішвілі вядомыя глыбокімі галасамі і здольнасцю выходзіць далёка за межы поп-музыкі. Але фармат “Еўрабачання” не пакідае ім прасторы для дзеянняў: іх “Waterfall” — яшчэ адна песня пра каханне. Але добрая песня.

Нямецкі гурт Cascada тыдзень таму быў на сёмым месцы, а цяпер — восьмы. Фронтвуман Наталі Хорлер — дачка славутага джазавага аранжыроўшчыка Давіда Хорлера — выйдзе выступаць у бліскучай сукенцы... Што праўда, без 70 тысяч стразаў. Спад Cascada ў “рэйтынгу” прадказальны: перад “Еўрабачаннем” музыкаў абвінавачвалі ў тым, што яны скапіявалі песню леташняй пераможцы конкурса Loreen. Але ёсць і адна непрадказальная рэч: гэта фінал “Еўрабачання”.

Фінскую спявачку Крысту Сігерфрыдс таксама вінавацілі ў плагіяце. Тым не менш, за тыдзень яна скокнула з 16 на 9 месца! Спявачка робіць стаўку на гледачоў “Еўрабачання” з нетрадыцыйнай арыентацыяй. Яна заяўляе, што яе песня заклікае фінскія ўлады зацвердзіць закон пра раўнапраўныя шлюбы. На сцэне “Мальмё Арэны” Крыста абяцае пацалавацца з дзяўчынай з падтанцоўкі.

Апошняя ў букмекерскім Топ-10 — Anouk з Нідэрландаў. Спявачка мае выдатны голас, таму з аранжыроўкай не замарочвалася. Музыка ў яе “Birds” ціхая і павольная — быццам бы спявачка адмыслова хоча выйсці сам-насам з мільёнамі тэлегледачоў. Што ж, гэта ўжо другая спроба Anouk на “Еўрабачанні”, і яна ведае, што робіць.

Сярод фаварытаў — па 4 ўдзельнікі кожнага з паўфіналаў “Еўрабачання” і 2 ўдзельнікі фіналу. Таму з вялікай верагоднасцю можна сцвярджаць, што з першага паўфіналу, дзе выступае Алёна Ланская, дакладна выйдуць Данія, Расія, Украіна і Нідэрланды. Нашай спявачцы, якая за тыдзень апусцілася ў “рэйтынгу” букмекераў з 15 на 18 месца, трэба трапляць у наступную шасцёрку. На месца ў якой у яе будзе 11 канкурэнтаў.

Фота: www.eurovision.tv.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі