Топ-5 навінаў тыдня
Па “справе баевікоў” затрымалі 29 чалавек
У пятніцу стала вядома пра чарговага фігуранта “справы баевікоў”. Бацькі пакуль не хочуць называць яго імя ў СМІ. Вядома, што ён родам з Бабруйска, скончыў гістарычны факультэт і аспірантуру. Яго юрыдычны статус пакуль не вядомы.
Акрамя таго, у аўторак затрымалі 25-гадовага Аляксандра Зімніцкага. Гэта таксама выпускнік гістфака, а цяпер навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея.
Таксама 31 сакавіка стала вядома пра тое, што Змітра Дашкевіча афіцыйна абвінавачваюць ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках
Каля будынка КДБ у Мінску затрымалі Паўла Севярынца і яшчэ трох чалавек. Яны прыйшлі на акцыю ў падтрымку палітзняволеных.
Севярынец толькі паспеў дастаць партрэт лідара маладафронтаўцаў Змітра Дашкевіча, якога затрымалі па так званай "справе баевікоў". Пасля гэтага Севярынца пасадзілі ў мікрааўтобус і звезлі. Гэтаксама затрымалі і яго паплечніка Анатоля Кудласевіча.
Акрамя таго, АМАПаўцы затрымалі актывістку Ніну Багінскую і яшчэ адну жанчыну, якая прадставілася як “сяброўка затрыманага па "справе баевікоў" Волкава”.
Раніцай 31 сакавіка адначасова ў двух мінскіх офісах тэлеканала "Белсат" прайшлі ператрусы. Сталічныя міліцыя паведаміла, што гэта звязана з "фактам незаконнага выкарыстання таварнага знаку".
Тым часам, прадстаўнік тэлеканала Аляксей Мінчонак звязвае ператрус і канфіскацыю тэхнікі з асвятленнем пратэстаў, які прайшлі па краіне цягам сакавіка.
Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў і яго расійскі калега Дзмітрый Мядзведзеў не дамовіліся па нафтагазавай спрэчцы. Іх сустрэча прайшла 30 сакавіка ў падмаскоўных Горках.
Па словах кіраўніка Мінэнерга Расіі Аляксандра Новака, “Беларусь не гатова пагасіць доўг у 700 млн долараў без істотных саступак як па цане, так і па тэрмінах ды механізмах фарміравання кошту”. У Маскве пазіцыю беларускага боку называюць “недастаткова канструкцыйнай”.
Мікалай Статкевіч знайшоўся ― з пятніцы ён быў у СІЗА КДБ
Раніцай 27 сакавіка палітык, якога трое сутак шукалі ўсёй краінай, нечакана прыехаў дадому ў мінскую Лошыцу на таксоўцы.
Высветлілася, што з пятніцы Статкевіч знаходзіўся ў СІЗА КДБ. У Еўрарадыё атрымалася ўзяць у яго інтэрв’ю.