Трамп запрасіў Пуціна на сустрэчу ў Белы дом

Трамп запрасіў Пуціна на сустрэчу ў Белы дом

Дональд Трамп запрасіў Уладзіміра Пуціна на сустрэчу ў Белы дом у Вашынгтон. Прагучала гэтая прапанова яшчэ 20 сакавіка падчас тэлефоннай размовы — амерыканскі прэзідэнт віншаваў прэзідэнта Расіі з перамогай на выбарах. Але толькі 2 красавіка на брыфінгу пра запрашэнне распавёў памочнік Пуціна Юрый Ушакоў. Як інфармуе "Бі-Бі-Сі", Белы дом гэтую інфармацыю пацвердзіў, аднак падрабязнасцяў не агучыў. Вядома толькі, што падчас абмеркавання двухбаковай сустрэчы ў "недалёкай будучыні" разглядаліся некалькі месцаў, у тым ліку Белы дом. Паводле слоў Ушакова, тэрміны не абмяркоўваліся і ніякай падрыхтоўкі сустрэчы не праводзіцца.

"Калі ўсё будзе нармальна, я спадзяюся, амерыканцы не адмовяцца ад сваёй прапановы абмяркоўваць магчымасць правядзення саміту", — сказаў памочнік расійскага прэзідэнта.

Як вядома, адносіны ЗША і Расіі пагоршыліся пасля дзеянняў Масквы ў 2014 годзе ў Крыме і на Данбасе. У пачатку вясны 2018-га ўзнікла новая праблема ў адносінах Захаду і Расіі — справа былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля, якога атруцілі ў Вялікабрытаніі разам з дачкой. Улады Вялікабрытаніі ўсклалі адказнасць на расійскі бок. Адбылася высылка дыпламатаў, да якой далучыліся і Злучаныя Штаты.

Трамп і Пуцін дагэтуль сустракаліся двойчы — на саміце "Вялікай дваццаткі" ў ліпені 2017-га ў Гамбургу і ў лістападзе мінулага года падчас саміта АЦЭС у В'етнаме. Аднак паўнавартасных перамоў паміж імі не было.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі